ЗША заклікалі ўсе краіны свету спыніць любыя кантакты з КНДР
ЗША заклікалі ўсе краіны свету спыніць любыя кантакты з КНДР. Прапануецца не гандляваць з Пхеньянам і выслаць на радзіму паўночнакарэйскіх рабочых. Гэта было б дадаткам да санкцый Арганізацыі аб’яднаных нацый, заявіла на экстранным паседжанні Савета бяспекі ААН пастаянная прадстаўніца Злучаных Штатаў Нікі Хэйлі. Паводле яе слоў, амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп меў гутарку з старшынём Кітая Сі Цзіньпінем, падчас якой прапанаваў КНР спыніць пастаўкі ў Паўночную Карэю сырой нафты.
Улады Кітая павінны прадэманстраваць сваю “вядучую ролю” ў вырашэнні праблемнай сітуацыі вакол Карэйскага паўвострава і “давесці справу да канца”. “Кітай можа зрабіць гэта сам, ці мы можам узяць сітуацыю з нафтай у свае рукі”, — заявіла прадстаўніца ЗША пры ААН. Яна таксама заклікала пазбавіць КНДР права голасу ў Арганізацыі аб’яднаных нацый.
Як паведамляла Еўрарадыё, у ноч з аўторка на сераду стала вядома пра чарговы запуск Паўночнай Карэяй балістычнай ракеты. Яна ўзнялася вышэй за папярэднія, на 4500 метраў, праляцела 960 кіламетраў і ўпала ў Японскае мора. Улады КНДР заявілі, што цяпер іх краіна мае магчымасць даставіць ракету з ядзерным зарадам у любую кропку ЗША.