16-гадовы хакер са Століна краў грошы з банкаўскіх картах карыстальнікаў vk.com
Супрацоўнікі Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці злавілі 16-гадовага хакера са Століна, якога падазраюць у крадзяжы сродкаў з чужых банкаўскіх картак. Хлопец ламаў чужыя рахункі ў сацыяльнай сетцы Вконтакте, мяняў паролі і атрымліваў кантроль над старонкамі. Потым ён уступаў у перапіску з сябрамі людзей, старонкі якіх узламаў і прасіў назваць рэквізіты іх банкаўскіх картак. Ён казаў, нібыта не можа скарыстацца ўласнай карткай, бо яна заблакаваная або скончыўся яе тэрмін дзейнасці. Некаторыя карыстальнікі выконвалі яго просьбы, не праверыўшы, з кім перапісваюцца.
Атрымаўшы такую інфармацыю, хакер выводзіў грошы з чужых картак, набываюць тавары ў інтэрнэце або пераводзіў сродкі на падкантрольныя яму рахункі. У кожнага карыстальніка ён краў ад 1 да 2 мільёнаў рублёў.
Следчыя канфіскавалі набытыя непаўналетнім зламыснікам матэрыяльныя каштоўнасці і робяць захады для аднаўлення нанесенай шкоды. Сярод ахвяраў — жыхары Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.