Абвінавачанага ў наркатрафіку выпусцілі на волю… каб зноўку шукаць
Жыхар Магілёўшчыны фігураваў у справе аб перапраўцы гіганцкай партыі гераіну і здолеў абыйсці беларускую праваахоўную сістэму.
У канцы мінулага года жыхара Магілёўшчыны Юрчанку, абвінавачанага ў гераінавым трафіку, выпусціў на волю Магілёўскі суд. Але ў хуткім часе мужчыну зноўку пачалі шукаць як асабліва небяспечнага злачынцу. Да тае пары фігурант, натуральна, уцёк.
Пачатак гэтай гісторыі прагрымеў у верасні 2010 года. Пад Дуброўнам ля беларуска-расійскай мяжы спынілі "Опель", у якім перавозілі 28 кг найчысцейшага гераіну, замаскіраванага пад цыбуліны. Разбадзяжанай партыі хапіла б прыкладна на два мільёны доз.
Фігурантамі гучнай крымінальнай справы аказаліся два цыганы з Магілёўшчыны. Грамадзянін Гапонаў непасрэдна перавозіў гераін у “Опелі”. Арганізатар жа наркатрафіку, на думку следства, — грамадзянін Юрчанка. Ён часта тэлефанаваў кур’еру і цікавіўся давозкай “тавару” па тэлефоне.
Але напрыканцы мінулага года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва выпускае меркаванага наркабарона з залы пасяджэнняў на волю: апраўданы па ўсіх пунктах абвінавачвання. Кур’ер жа атрымаў 11 гадоў пазбаўлення волі.
Праз пару месяцаў Магілёўскі абласны суд адмяніў ранейшую пастанову і накіраваў справу на новы разгляд. Юрчанку зноў паспрабавалі затрымаць, але той даўно знік.
“Дзесьці месяц таму мужчыну аб’явілі ў рэспубліканскі і міждзяржаўны вышук. Рэспубліканскі — па нашай краіне, міждзяржаўны — па краінах СНД”, — паведаміў прэс-сакратар УУС Магілёўскага аблвыканкама Раман Посахаў.
Раней у Магілёўскім абласным судзе адмаўляліся распавядаць пра месцазнаходжанне Юрчанкі “з-за высокага статусу крымінальнай справы”.
Цікавімся ў Вярхоўным судзе, ці павінен суддзя несці адказнасць за рашэнне, якое потым дадало праблем сілавым ведамствам. Выйшла ж дзівосная камбінацыя. Суд першай інстанцыі выпускае фігуранта крымінальнай справы. А праз некалькі месяцаў міліцыя зноўку вымушана шукаць таго як небяспечнага злачынцу.
“Адмена ці змена судовай пастановы не цягнуць за сабой адказнасці суддзі, які выносіў пастанову, — цытуе “Кодэкс аб статусе суддзяў” Марыя Лапо, прэс-сакратар Вярхоўнага суда. — За выключэннем выпадку, калі ўстаноўлена наўмыснае вынясенне незаконнай пастановы”.
Нагадаем, суддзя першай інстанцыі палічыў, што следства не сабрала дастатковых доказаў для асуджэння Юрчанкі.