Адкуль прадпрыемствы-даўжнікі ўзялі грошай на заробкі?
На 1 кастрычніка даўгі па заробках на беларускіх прадпрыемствах ёсць толькі ў 13 з іх. І гэта ў 33 разы меней, чым было ў верасні: тады такіх арганізацый было аж 432!
Адкуль заводы і калгасы акурат напярэдадні выбараў узялі мільярды, каб выплаціць заробкі, якіх людзі не бачылі месяцамі?
Да прыкладу, на "Мазырлесе" заробак не выплачвалі ў час цягам сямі месяцаў! Дзе прадпрыемства ўзяло грошы?
“У нас усё прыгожа цяпер: павялічылі продаж і выплацілі грошы”, — тут некалькі дзён выплачвалі заробак за некалькі месяцаў. Чаму раней нельга было павялічыць продажы, на "Мазырлесе" не кажуць.
У “Аршанскім райаграсэрвісе” заробак выдаюць часткамі: спачатку 25%, потым яшчэ і яшчэ. Але да 30 верасня прадпрыемства са сваімі работнікамі разлічылася. Такая ж сітуацыя і на магілёўскім заводзе “Індустрыя клімату” — прадпрыемства некалькі разоў было ў спісе пазычальнікаў, і раптам… пайшлі замовы на прадукцыю! Дзе прадпрыемствы раптам узялі грошы, тут не кажуць.
За год запазычанасць па заробках у Беларусі вырасла ў 15 разоў
“Абольскі керамічны завод” (Віцебская вобласць) таксама ў лідарах па даўгах — грошы тут затрымліваюць рэгулярна. Максімальны заробак на прадпрыемстве — 2,5 мільёны. На заводзе кажуць, што ўсе, хто мог сысці, даўно сышоў. Прадпрыемства стратнае, бо “нікому наша цэгла не патрэбная: цяпер усё будуюць з панеляў, а цэгла гэтая хоць і больш якасная, і лепшая, але дорага”.
“У нас заробак 100% выдаецца, бо што тут дзяліць? Заробак і так маленькі. Ды і цэглу ўжываць нельга, таму цаглінамі заробак не выдаём”
Але нядаўна завод быў павінен і за ліпень, і за жнівень, і раптам даўгоў няма. Адкуль сродкі?
“На 1 кастрычніка ў нас няма даўгоў. Дэбітораў пракрэдытавалі, і яны з намі разлічыліся. Будтрэсты Віцебскай вобласці былі нам вінныя за прадукцыю, але банкі далі ім крэдыты, і яны з намі разлічыліся. Прыбытковымі мы не сталі, сітуацыя па-ранейшаму вельмі складаная. Хто мог звольніцца — звальняецца”.
А вось яшчэ сітуацыя: месяц таму ў гаспадарцы "Залатая падкова" (Глыбоцкі раён) Еўрарадыё скардзіліся, што яны па вушы ў даўгах: у крэдыт рамантуюць тэхніку, набываюць малако для цялят ды атрымліваюць насенне! Заробак людзям часткова выдавалі натуральнай прадукцыяй.
“30% заробку мы выплачваем натуральнай прадукцыяй, людзі атаварваюцца ў нашай фірмовай краме. З гэтым праблем няма”, — распавядалі Еўрарадыё ў гаспадарцы.
І што ў выніку: тыдзень таму калгас, які не меў грошай, выплачвае заробак… за два месяцы адразу. Лічым: у гаспадарцы працуе 200 чалавек, сярэдні заробак — 3,7 мільёна чыстымі. Адкуль на прадпрыемстве ўзялося больш за 1,4 мільярда толькі на заробак?
“У нас даўгоў няма, заробкі выплачаныя. Грошы даў камбінат, бо былі пазыкі ў іх за малако, за мяса, за зерне”, — весела кажуць на СПК. Ці будуць і далей у гаспадарцы затрымліваць заробак, тут не ведаюць:
“А хто яго ведае, як тут пасля выбараў будзе?”