Адразу 8 альбомаў Кейт Буш вярнуліся ў топы брытанскіх чартаў

Брытанія вар'яцее ад Кейт Буш. У сувязі з серыяй канцэртаў, якія спявачка дае ў Лондане, 8 альбомаў Буш вярнуліся ў топ-40 нацыянальнага чарта. Буш стала першай жанчынай, якая дасягнула такога выніку. А ў агульным падліку яе апераджаюць толькі Элвіс Прэслі і The Beatles.


У першую 10-ку патрапілі складанка "The Whole Story" 1986 года і самы вядомы альбом Буш "Hounds of Love", 6-е і 9-е месцы адпаведна. Іншыя 6 кружэлак брытанкі апынуліся ў другой дваццатцы чарту. Цікава, што ні ў аднаго выканаўцы не атрымалася здзейсніць падобнае пры жыцці: 12 альбомаў Прэслі трапілі ў чарт ужо пасля смерці спевака, а 11 альбомаў The Beatles назіраліся ў топах толькі ў 2009 годзе пасля чарговай хвалі перавыданняў.


У гэтыя дні ў лонданскай зале "Хамерсміт Апала" працягваецца серыя з 22-х канцэртаў Кейт Буш, якая выйшла на сцэну пасля 35-гадовага перапынку. І, мяркуючы па водгуках прэсы і публікі, на сёння гэта самая грандыёзная музычная падзея на Альбіёне.  Больш за 80 тысяч квіткоў на канцэрты Буш былі прададзеныя за 15 хвілін.

Паводле zvuki.ru

Фота: www.irishpost.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі