Адразу 9 артыкулаў КК: у ПЭН-цэнтр таксама прыходзілі з ператрусам
У Беларускі ПЭН-цэнтр напярэдадні таксама прыйшлі сілавікі з пастановай на ператрус
Адразу дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса сталі падставай для прыходу сілавікоў у Беларускі ПЭН-цэнтр, паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook віцэ-старшыня арганізацыі Таццяна Нядбай.
Паводле яе слоў, калі напярэдадні сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў офісы многіх беларускіх НДА і дадому да актывістаў, прыходзілі яны і па юрыдычным адрасе ПЭН-цэнтра. Але нікога не заспелі.
"У сувязі з пандэміяй Беларускі ПЭН / PEN Belarus ужо больш за год працуе ў дыстанцыйным рэжыме, а таму па юрыдычным адрасе фізічна нас не было", — расказала Нядбай.
Таму супрацоўнікі ГУБАЗ (а менавіта яны прыйшлі ў ПЭН з пастановай Генпракуратуры) "правялі ператрус у іншай арганізацыі, якая мае той жа юрыдычны адрас". Сілавікі канфіскавалі ўсю тэхніку, а супрацоўнікі той арганізацыі сталі сведкамі.
З пастановы, якая была на руках у сілавікоў, вядома, што да Беларускага ПЭН-цэнтра высунута 9 артыкулаў КК, у тым ліку "заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы РБ", "стварэнне экстрэмісцкага фармавання", "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання", "саўдзел у злачынстве", "самавольнае прысваенне ўлады або звання службовай асобы", "падрыхтоўка да злачынства", "захоп будынкаў і збудаванняў" і "масавыя беспарадкі".
Нагадаем, Беларускі ПЭН-цэнтр існуе з 1989 года, з'яўляецца часткай Міжнароднага ПЭН-клуба, праваабарончай няўрадавай арганізацыі, куды ўваходзяць пісьменнікі і журналісты.
Кіраўнікамі Беларускага ПЭН-цэнтра ў розныя гады былі Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Уладзімір Някляеў. Цяпер арганізацыю ўзначальвае Святлана Алексіевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.