AEI: расійскія войскі могуць быць уведзеныя ў Беларусь гэтай зімой

AEI: расійскія войскі могуць быць уведзеныя ў Беларусь гэтай зімой

Расійскія войскі пагражаюць у большай ступені Беларусі, чым Украіне. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі кансерватыўнага аналітычнага цэнтра American Enterprise Institute (AEI) з Вашынгтона. Група пад кіраўніцтвам ваеннага гісторыка Фрэдэрыка Кагана мяркуе, што расійскія войскі могуць быць уведзеныя ў Беларусь ўжо зімой 2021/22.

Заходнія СМІ звярталі ўвагу на канцэнтрацыю расійскіх войскаў каля мяжы з Украінай. Але даследчыкі з AEI лічаць, што наўрад ці Пуцін пачне ўварванне ва Украіну гэтай зімой — зашмат рызыкі для Расіі. 

"Пуцін з значна большай імавернасцю накіруе расійскія войскі ў Беларусь і, магчыма, адкрыта на акупаваны Расіяй Данбас. Ён можа пачаць абмежаванае ўварванне на неакупаваны паўднёвы ўсход Украіны, якое не дацягне да поўнамаштабнага ўварвання", — пішуць аўтары даклада.

На іх думку, Крэмль будзе праводзіць шмат асобных аперацый. У іх ліку называюцца наступныя:

— разгортванне расійскіх паветрана-дэсантных і / або механізаваных падраздзяленняў у адным або некалькіх месцах у Беларусі, якія будуць падтрымліваць запланаваны напад на Украіну, а таксама ўяўляць іншыя пагрозы для дзяржаў-членаў NATO;

— разгортванне расійскіх механізаваных, танкавых, артылерыйскіх і дапаможных падраздзяленняў адкрыта на акупаваным Данбасе;

— прарыў з акупаванага Данбаса для стварэння сухапутнага моста, які злучае акупаваны Расіяй Крым з расійскай тэрыторыяй каля Растова ўздоўж паўночнага ўзбярэжжа Азоўскага мора, а таксама захоп Херсонскай вобласці на поўнач ад Крыма і гарантыя бяспекі канала Дняпро-Крым;

— правядзенне паветрана-дэсантных і дэсантных аперацый па захопе Адэсы і заходнеўкраінскага ўзбярэжжа Чорнага мора; 

— запуск механізаванай аперацыі па захопе Харкава, які мае стратэгічнае значэнне.

Аўтары даклада лічаць, што расійскія войскі ў Беларусь увойдуць ужо гэтай зімой. Для гэтага створаныя ўжо ўсе неабходныя інфармацыйныя і ваенныя перадумовы для гэтага. Цяпер Крэмль, кажуць яны, проста чакае прыдатнага моманту. 

"Такі крок можа рэзка ўзмацніць праблему, з якой сутыкаецца NATO, абараняючы краіны Балтыі ад будучага нападу Расіі, бо гэта паставіць расійскія механізаваныя падраздзяленні па абодва бакі вузкага Сувалкскага калідора, праз які павінны праходзіць пастаўкі і падмацаванні NATO ў краіны Балтыі. Гэта таксама стварыла б умовы для будучых пагроз уварвання ва Украіну па восі, якая дазволіла б расійскім войскам акружыць Кіеў з захаду. І гэта прывяло б да размяшчэння дадатковых расійскіх войскаў на польскай мяжы, узмацніўшы пагрозу ўсходняму флангу NATO", — падкрэсліваецца ў дакладзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі