“Ахова птушак Бацькаўшчыны”: Рыбгасы ігнаруюць нормы датычныя бакланаў

Паляўнічыя адрэзалі дзюбы блізу сотні птушанят бакланаў, каб атрымаць прэмію ад рыбгасаў. Тыя даюць за адну забітую птушку каля 50 тысяч рублёў, бо бакланы з’ядаюць шмат рыбы, шкодзячы рыбгасам. Знявечаных птушак, якія не змаглі б самастойна харчавацца, усыпілі. Міліцыя шукае злачынцаў. Справа перададзеная ў Следчы камітэт. Вінаватым пагражае штраф.


120620 FenchukS.mp3

Еўрарадыё: Чаму ў Беларусі такое жорсткае заканадаўства адносна бакланаў? Чаму іх можна страляць? Ці можна нешта змяніць?

Віктар Фянчук: Баклан, як і шэраг іншых відаў птушак, у Беларусі знаходзяцца па-за законам. Закон не толькі дазваляе, але і стымулюе знішчэнне бакланаў цягам усяго году усімі спосабамі. Баклан ўнесены ў спіс непажаданых відаў у правілах паляўнічай гаспадаркі і палявання. І гэта толькі адзін прыклад з многіх. Найбольшая бяда ў тым, што ў Беларусі няма закону аб жорсткім абыходжанні з жывёламі. Гэты закон ёсць ва ўсіх цывілізаваных краінах, і ў нас праект такога закону быў распрацаваны, ён блукае па калідорах беларускага парламента ўжо шмат часу. Блукае-блукае, дагэтуль закону такога няма, і за жорсткія адносіны да жывёл пакуль немагчыма пакараць людзей. За тое, што адбылося з бакланамі, у нас у законе прадугледжанае адміністратыўнае пакаранне і штраф. Гэта вельмі слабы метад, каб спыніць такія дзеянні.

Еўрарадыё: А што гэта за птушка наогул – баклан?

Віктар Фянчук: Гэта даволі буйная рыбаедная птушка. На нашых рэках і азёрах яшчэ 20 год таму яна была вельмі рэдкай. Настолькі рэдкай, што з’яўленне баклана ў Беларусі было вялікай арніталагічнай навіной. І патроху, праз тое, што наша рыбная гаспадарка спрыяе рыбаедным птушкам, праз тое, што клімат стаў больш спрыяльны, баклан стаў у нас вельмі няблага пачувацца. Ён гняздуецца ў нас, колькасць яго – 2-3 тысячы пар (гэта невялікая колькасць). Адлятаюць ад нас зімаваць, але некаторыя птушкі застаюцца ў Еўропе.

Еўрарадыё: У Еўропе з бакланамі падобная праблема. Але ж там птушкам не адразаюць дзюбы… Як у Еўропе змагаюцца з бакланамі?

Віктар Фянчук: Праўда, адносіны рыбнай гаспадаркі з бакланамі ў Беларусі не ўнікальныя. Аднак рыбная гаспадарка ў Беларусі адрозніваецца ад еўрапейскай сваімі маштабамі. Мы вырошчваем рыбу ў вельмі вялікіх сажалках. У Еўропе, дзе зямля дарагая, дзе людзі традыцыйна валодаюць гэтай зямлёй – яны практыкуюць больш інтэнсіўную гадоўлю рыбы. У нас жа – больш экстэнсіўная рыбная гаспадарка, калі мы за кошт вялікіх плошчаў дасягаем тых жа самых аб’ёмаў. Праблемы ёсць і там, з праблему рашаюць, але еўрапейскае заканадаўства не дазваляе жорсткага абыходжання з аніводным відам жывёл, або такіх метадаў барацьбы, якія прыводзяць да пакутаў жывёлы. Такое адназначна не можа дазваляцца ў цывілізаванай краіне, і там ёсць прававыя механізмы, якія гэта рэгулююць.

Еўрарадыё: Якія яшчэ віды церпяць праз тое, што ў нас не распрацаванае заканадаўства?

Віктар Фянчук: У нас ёсць спіс непажаданых відаў. Сярод іх шэрая чапля, шэрая варона і сарока. Але цяпер Міністэрствам лясной гаспадаркі распрацоўваюцца змены ў правілах паляўнічага гаспадарання і палявання. Учора Міністэрства размясціла праект, у якім мы бачым, што спіс непажаданых відаў павялічваецца ўдвая. Яны аб’яўляюць вайну драпежным птушкам, такім як канюк… Нашы законы ствараюць праблемы, але мы нічога не робім, каб іх рэгуляваць, каб зменшыць праблему, а толькі уключаем больш і больш відаў жывёл у гэтыя спісы, каб праблемы такія як з бакланамі былі яшчэ і з драпежнымі птушкамі. А мы гэта праходзілі ў савецкія часы, калі ўсе драпежныя птушкі лічыліся ворагамі, і на іх палявалі.

Еўрарадыё: Ці можна неяк так развязаць гэтую праблему, каб і рыба не цярпела і птушкі засталіся жывыя?

Віктар Фянчук: У адносінах птушак і чалавека ёсць вельмі шмат адвакатаў чалавека. Мы выступаем адвакатамі птушак. Ёсць метады, якімі можна адпужваць птушак, рэгуляваць іх колькасць, каб не прыносіць ім пакутаў. Усё гэта распрацавана, і Акадэмія навук Беларусі выконвала нават заданне на выпрацаванне падыходаў, каб рэгуляваць колькасць бакланаў, і выпрацаваць нейкія механізмы, якія дазвалялі б зменшыць абцяжарванне рыбнай гаспадаркі бакланамі. Былі дадзеныя дакладныя рэкамендацыі. Сярод іншага там было адзначана, што падчас гнездавання і ў калоніях прымаць нейкія меры нельга, бо такі метад – негуманны. Да таго ж, калоніі бакланаў і шэрай чаплі – месца гнездавання і іншых птушак, што ў гэтых калоніях шукаюць аховы ад драпежнікаў. Мы ведаем, што многія віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу, сустракаюцца якраз у калоніях бакланаў і чапляў, бо тыя ствараюць натуральныя ўмовы, бяспечныя для гнездавання. Таму усё гэта выпрацоўвалася ў нашай краіне, але, вядома ж, рыбалоўныя гаспадаркі шукаюць лёгкіх метадаў, каб вырашыць праблему. Лёгка вырашыць праблему – гэта прыйсці ў сезон гнездавання і пазабіваць птушанят.

Еўрарадыё: Сёлета ў Еўропе праводзіцца падлік бакланаў. Нашто ён праводзіцца, і ці удзельнічае у ім Беларусь? Якая асноўная мэта вашых экспедыцый, каб падлічваць гэтых птушак?

Віктар Фянчук: Праводзіцца ўлік не толькі бакланаў, але наогул усіх птушак, каб ведаць, што з імі адбываецца, каб іх ахоўваць, ці вырашаць праблему іх залішняга размнажэння. Але праблема шкоды рыбным гаспадаркам ад бакланаў актуальная для ўсёй Еўропы, таму ва ўсё Еўропе лічаць бакланаў, каб ведаць тэндэнцыі іх пашырэння і рабіць высновы, ці эфектыўныя метады, што ўжываюцца ў краіне. Таму вельмі важна праводзіць гэты ўлік, каб выпрацоўваць агульнаеўрапейскую палітыку, наконт таго, што з тымі бакланамі рабіць. У Беларусі ўлік бакланаў праводзіць Акадэмія навук, “Ахова Птушак Бацькаўшчыны” таксама возьме ўдзел у гэтым, каб дапамагчы ацаніць, што рабіць у наш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі