Альфер: "Выканаць ключавыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў Мінску маглі даўно"
Папярэдняя місія ПАСЕ раскрытыкавала беларускія ўлады за невыкананне ключавых рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Што гэта за ключавыя рэкамендацыі, у дакуменце, размешчаным на сайце Савета Еўропы, не ўдакладняецца. Але, па словах беларускага эксперта ў выбарчым заканадаўстве Сяргея Альфера, сапраўды ключавымі ўжо шмат гадоў з’яўляюцца дзве рэкамендацыі міжнародных назіральнікаў.
Альфер: “Першая – абавязковае прадстаўніцтва палітычных партый, у тым ліку апазіцыйных, у складзе выбарчых камісій. І другое – змена працэдуры падліку галасоў такім чынам, каб яна была празрыстай. Першае і другое надзвычай звязаныя, і відавочна, што без прадстаўніцтва, плюралістычнага прадстаўніцтва ў выбарчых камісіях, казаць пра адкрыты падлік галасоў не даводзіцца”.
Нагадаю, адразу пасля з’яўлення справаздачы БДІПЧ АБСЕ з рэкамендацыямі па змене беларускага выбарчага заканадаўства, пры Цэнтрвыбаркаме была створаная адмысловая міжведамасная экспертная група. Эксперты мусілі за месяц прааналізаваць справаздачу БДІПЧ АБСЕ і прапанаваць кіраўніку дзяржавы свае прапановы і рэкамендацыі. У выніку было заяўлена, што "рабочая група лічыць немэтазгодным разглядаць у цяперашні час пытанне ўнясення чарговых зменаў у выбарчы кодэкс рэспублікі". Маўляў, нават Венецыянская камісія лічыць непажаданымі змены выбарчага заканадаўства менш чым за год да выбараў.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паабяцала: "Пасля парламенцкіх выбараў мы вернемся да разгляду прапановаў, будзем думаць пра змены ў выбарчым заканадаўстве".
Па словах Альфера, ўжо шмат гадоў рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ прынцыпова не змяняюцца. Пры жаданні, кажа эксперт, унесці дзве названыя ім “ключавыя рэкамендацыі” беларускія ўлады маглі даўно. І нават зараз, напярэдадні сёлетніх парламенцкіх выбараў, рэкамендаваныя БДІПЧ АБСЕ змены можна было ўнесці ў выбарчае заканадаўства ўказам кіраўніка краіны.“Усё гэта пра жаданні вырашаецца за 10 дзён максімум”, – кажа Альфер.
Фота Змітра Лукашука