Андрэй Бастунец: Чакаем новых абмежаванняў інтэрнэту!
На думку юрыста, карыстальнікам Байнэту давядзецца папрацаваць над сабой, каб пад уплывам абмежаванняў не апусціцца да празмернай самацэнзуры.
Днямі старшыня КДБ Вадзім Зайцаў заявіў, што “рэцэпты” выбуховых рэчываў для тэракту ў мінскім метро злачынцы знайшлі з дапамогай інтэрнэту. На думку праваабаронцаў, гэтае выказванне можна расцэньваць як чарговы “трывожны званочак” — знак таго, што за беларускімі карыстальнікамі сусветнага сеціва неўзабаве могуць усталяваць яшчэ больш пільны кантроль.
“Глебу для абмежаванняў у інтэрнэце рыхтуюць дастаткова доўга, — мяркуе юрыст, намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Андрэй Бастунец. — Цягам года гэтая глеба актыўна культывуецца. І таму, пасля такіх заяваў, пасля гэтага чакаем новых: і прававых, і не прававых — абмежаванняў у гэтай галіне”.
Не так складана і сказаць, чаго канкрэтна на гэты раз чакаць інтэрнэт-карыстальнікам.
Андрэй Бастунец: “Усе заканадаўчыя акты, якія дзейнічаюць у краіне, датычацца і распаўсюду інфармацыі ў інтэрнэце. Акрамя закону аб СМІ. Бо пакуль урадавая прапанова на гэты конт нераспарацаваная. Мне здаецца, што гэта можа быць такі першы захад — распаўсюд заканадаўства аб СМІ і на інтэрнэт-выданні. І тут могуць паўстаць вельмі вялікія цяжкасці ў іх працы. А другое — гэта больш шчыльная праца праваахоўных органаў з інтэрнэт-рэсурсамі і прыцягненне да адказнасці у выглядзе папярэджванняў ці ў выглядзе крымінальных артыкулаў. Як дарэчы, часткова з Пачобутам адбываецца”.
Інтэрнэт-выданні ў гэтай сітуацыі мусяць, як кажуць, ратаваць сябе самі. Мусіць узрастаць прафесіяналізм іх супрацоўнікаў. Мусіць узрастаць адчуванне таго, што ў дачыненні сеціўных рэсурсаў могуць узнікаць пэўныя прававыя пытанні. Абараніць Байнэт можна і іншымі спосабамі.
Андрэй Бастунец: “Ёсць 3 шляхі магчымага ўздзеяння. Гэта, найперш, шлях палітычны, з дапамогай нашых замежных калегаў, праваабаронцаў, міжнародных структураў, якія б маглі паўплываць каб заканадаўства ў Беларусі ў галіне інтэрнэту развівалася ў нармалёвым кірунку. Другі накірунак — гэта прававая праца. Мы яе ўжо вядзем: звярталіся і ў Палату прадстаўнікоў, у Міністэрства інфармацыі з пытаннямі, каб абмеркаваць заканадаўства аб СМІ і вынесці яго ў публічную прастору”.
А трэці шлях, які меў на ўвазе намстаршыні БАЖ Андрэй Бастунец — гэта праваабарончая дзейнасць. Напісанне скаргаў, удзел у спрэчках і гэтак далей.