Аператыўна паскардзіцца на бяспраўе ў медцэнтры няма каму

Па справе “Экамедсэрвісу” затрымліваюць новых і новых супрацоўнікаў медцэнтра. У панядзелак 6 траўня стала вядома пра зняволенне галоўнага інжынера. Працягваецца і разгром “Экамедсэрвісу” ў афіцыйных СМІ. Былым кліентам прапаноўваюць паскардзіцца на праколы, якія тут у мінулым дапускалі.

Спрабуем патэлефанаваць на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя, каб панаракаць на няўдалае пламбіраванне зуба, якое зрабілі аднаму з нашых супрацоўнікаў. Але гадзінамі не можам датэлефанавацца: то занята, то не адказваюць.

"Там, напэўна, разборкі ідуць вялікія, таму трубку і не здымаюць, —  тлумачаць на гарачай лініі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. —  Набярыцеся цярпення".

Скаргі на “Экамедсэрвіс” нельга падаць і праз Следчы камітэт (ведамства цікавяць выпадкі, якія цягнуць на канкрэтныя крымінальныя справы).

"Да нас звяртацца наконт скаргаў таксама нельга, мы разглядаем толькі фінансава-гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў", —  паведамляюць у прэс-службе Камітэта дзяржкантролю.

“Экамедсэрвіс” сёння выстаўляецца гэткім недзяржаўным медцэнтрам для нябедных людзей, дзе гаспадары “зажэрліся”, зрабіліся халатнымі і пачалі праз гэта забіваць. 

Але ці такім ужо прыватным медцэнтрам з’яўляецца “Экамедсэрвіс”? Гендырэктар установы —  Галіна Валжанкіна.  Яшчэ ў 2010-м годзе яна займала пасаду начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя.  

Сёння гэту пасаду ў Міністэрстве займае Іван Рыжко, якому даручылі расхлябаць праблемы і праколы, якія здарыліся ў “Экамедсэрвісе”.

Дарэчы, многія ўрачы з медцэнтра спалучалі працу з дзяржклінікамі. Таму відавочна, што трагедыя Юліі Кубаравай адлюстроўвае праблемы не толькі ў “Экамедсэрвісе”, але і ва ўсёй сістэме беларускай медыцыны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі