Апошні дзень падачы дакументаў: будучую прафесію абіраюць за 20 хвілін
Абітурыенты ў апошні дзень бегаюць паміж факультэтамі, мяняюць па тры ўніверсітэты і паступаюць, пакуль бацькі кантралююць канкурэнтаў.
"Прабачце, а вы на эканамічны? А які бал?" ― пытаюцца ў мяне дзяўчаты на ўваходзе ў БДУ. Да завяршэння падачы дакументаў на бюджэт гадзіна, і дзяўчаты кантралююць, з якімі баламі ідуць туды, куды яны ўжо падалі дакументы.
У дворыку Белдзяржуніверсітэта больш за сотню абітурыентаў, адны чакаюць і думаюць, куды падаць дакументы, адсочваюць бал. Іншыя ўжо падалі і ацэньваюць шанцы.
"Я на журфак іду, толькі сёння забраў дакументы з Акадэміі кіравання. Вырашыў, што не маё. У мяне 312 балаў, але адзін дзень рыхтаваўся толькі", ― расказвае Аляксандр, які паспявае падаць дакументы за 40 хвілін да заканчэння прыёму.
Поруч праносіцца дзяўчына і ледзь не збівае з ног. Яна ўжо забрала дакументы з БДУ, а цяпер ляціць у Акадэмію кіравання: там балаў хопіць на бясплатнае аддзяленне.
Аляксандр вырашаецца з будучай прафесіяй за лічаныя хвіліны, хоць і мае пад 300 балаў.
"Я на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі падаўся. Праграмістам даўно вырашыў быць, а вось спецыяльнасць абраў толькі цяпер", ― ён паспявае падаць дакументы за 20 хвілін да канца.
А за ім, ледзь не апошняй падаецца Вольга, на філалагічны факультэт. Колькі ў яе балаў, дзяўчына нават не памятае, а паступаць вырашыла толькі цяпер, на завочку.
Пакуль размаўляю з абітурыентамі, заўважаю, як бацькі кантралююць ход падачы дакументаў. І нават падыходзяць да патэнцыйных канкурэнтаў сваіх дзяцей, пытаюцца, які бал і куды ідуць.
Самы "разумны" факультэт у БДУ сёлета ― Міжнародныя адносіны. Сюды могуць не патрапіць нават з 374 баламі з 400 магчымых. Папулярныя і айцішныя прафесіі ― на 276 месцаў 323 заявы.
А самыя правальныя ― фізматы: у Магілёўскім універсітэце Куляшова, напрыклад, на фізіку-інфарматыку падаліся толькі два чалавекі на 20 месцаў, па інфармацыі маніторынгу ў апошні зень. У Педагагічным універсітэце імя Танка на фізіка-матэматычным таксама недабор: толькі 106 абітурыентаў на 120 месцаў.
Фота: Еўрарадыё