Апроч мытнай пошліны на мяжы будуць браць яшчэ адзін падатак
Новыя правілы што да замежных пасылак і рэчаў, якія вы везяце, вяртаючыся з-за мяжы, выклікалі шмат спрэчак і неразумення. Еўрарадыё разбіраецца ў нюансах новых правілаў правозу “тавараў для асабістага карыстання” праз мяжу і на прыкладах тлумачыць, як лепш дзейнічаць.
Першае: калі за мяжой вы бываеце не часцей чым раз на тры месяцы, то, як і раней, можаце везці з сабой тавараў на суму да 1500 еўра і вагой да 50 кілаграмаў. Калі выязджаеце часцей, набытых тавараў можа мець не больш як на 300 еўра агульнай вагой 20 кілаграмаў. За перавышэнне трэба заплаціць мытную пошліну. Якую?
"Пошліна будзе плаціцца па стаўках Адзінага мытнага тарыфу Еўразійскага эканамічнага саюза. Апроч таго, неабходна будзе заплаціць падатак на дабаўленую вартасць і мытны збор. Для кожнай катэгорыі тавараў стаўка мытнай пошліны вызначаная мытным тарыфам", — тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе Мытнага камітэта.
Вы хоць нешта зразумелі? Я — не. Таму, давайце разбірацца на прыкладах.
Наперадзе вясна, і шмат хто захоча набыць сабе за мяжой новы абутак. Ну, да прыкладу, лабутэны, якія нечакана сталі неверагодна папулярнымі. Варыянт першы: вы вяртаецеся з-за мяжы другі раз за тры месяцы і маеце з сабой нованабыты “скураныя туфлі” за 350 еўра.
Па нашай просьбе спецыялісты Мытнага камітэта разлічваюць, за што і колькі з нас возьмуць у гэтым выпадку. А гэта: мытны збор — 20 еўра, мытная пошліна — 1,63 еўра за пару і падатак на дабаўленую вартасць у памеры 20% ад кошту — 70,3 еўра. Агулам на мяжы за абноўку давядзецца пакінуць 92 еўра. А гэта азначае, што нават TaxFree ў 22% не дапаможа выйсці ў “нуль” — вам вернецца толькі 77 еўра. Хай не 92, а 15 еўра, але вам давядзецца заплаціць дзяржаве за магчымасць памоднічаць.
Тое ж і ў сітуацыі, калі вы набылі сабе доўгачаканыя лабутэны за 1 тысячу ці за 1,5 тысячы еўра. Мытны збор і мытная пошліна застаюцца такімі ж, як і ў першым выпадку, але падатак на дабаўленую вартасць у лабутэнаў за тысячу еўра складзе 200,3 еўра, а ў лабутэнаў за 1,5 тысячы еўра — 300,3 еўра. Канчатковыя сумы выплат за іх на мяжы будуць 222 і 322 еўра адпаведна. А з дапамогай TaxFree ў 22% вам вернецца 220 і 330 еўра адпаведна.
Сітуацыя прымушае задумацца: можа, выкінуць прыгожую скрынку, абуць іх ды, прагуляўшыся па горадзе, правезці праз мяжу як свой стары, набыты на рынку ў Ждановічах абутак, страціць TaxFree, але і дзяржаве нічога не плаціць? Кожны хай вырашае сам. Адно скажу на ўласным вопыце: аплата на мяжы пошліны — справа не хуткая праз чэргі ў касу. І аплата бярэцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка. А курс у мясцовым абменніку, калі ў вас рублёў няма, не самы выгадны.
Карацей, пра лабутэны (скураныя туфлі) я ўсё сказаў лічбамі. І гэта мы пралічылі толькі выпадак, калі ў вас адна рэч, кошт якой перавышае дазволеную суму. Па правілах жа кошт усіх набытых вамі тавараў не павінен перавышаць 300 еўра.
Што яшчэ? Рэчы асабістыя, якія вы бралі з сабой у паездку, пералічвацца, узважвацца і ацэньвацца не будуць. Гэта я да тэмы лабутэнаў за 1,5 тысячы еўра. Як супрацоўнік Еўрарадыё перыядычна бываю за мяжой у камандзіроўках і маю з сабой камп'ютар. Да прыкладу, каштуе ён 400 еўра. Ці не возьмуць з мяне за яго пошліну пры вяртанні на радзіму?
“На вашым камп'ютары выдатна бачныя маленькія драпінкі, відаць, што тавар быў у карыстанні. І таму ваш асабісты ноўтбук, які вы вывозіце, калі едзеце ў камандзіроўку, не будзе ўлічвацца ў гэты кошт, — супакойваюць мяне ў прэс-службе Мытнага камітэта. — Гэтаксама як і іншыя тавары, якія вы бралі з сабой за мяжу і якія вяртаеце на радзіму ў нязменным стане: мабільныя тэлефоны, фотаапараты, планшэты і гэтак далей. Але ў Мытным кодэксе Мытнага саюза прапісана, што фізічная асоба падчас перасячэння мяжы можа задэклараваць любы тавар. І калі ў вас ёсць сумневы, вы перажываеце, што потым могуць узнікнуць нейкія пытанні, вам ніхто не забараняе пры выездзе задэклараваць ваш ноўтбук ці фотаапарат”.
Ну і лыжка мёду: абмежаванне па кошце не распаўсюджваецца на авіяпасажыраў. Таму самалётам лабутэны любога кошту можна везці спакойна — пошліну плаціць не давядзецца. Праўда, там дзейнічаюць свае нормы па вазе: багаж не мусіць важыць больш за 20 кілаграмаў.