“Асаблівыя раёны” Данбаса могуць стаць раёнамі ўнутранага супрацьстаяння"

Закон “Пра асаблівы парадак мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” прыняла днямі Вярхоўная Рада Украіны. Ці азначае гэта “замарожванне” канфлікту на Данбасе, супраць чаго перасцерагалі раней усе ўкраінскія эксперты і аналітыкі ў размовах з Еўрарадыё?

Паводле прынятага закона, мясцовыя органы ўлады на занятых сепаратыстамі тэрыторыях будуць фармавацца без удзелу Кіева, і органы міліцыі і пракуратуры там будуць створаныя свае, і мяжу з Расіяй будуць “кантраляваць” мясцовыя “памежнікі”, і гэтак далей. Прытым юрыдычна тэрыторыі так званых ДНР і ЛНР застаюцца ў складзе Украіны.

Ваенны эксперт Аляксей Арастовіч упэўнены, што гэты закон “не варты нават паперы, на якой напісаны” — канфлікт на Данбасе чакае не “замарожванне”, а эскалацыя.

Аляксей Арастовіч: “Гэты закон нічога не варты. Ён быў прыняты пад уціскам міжнародных фінансавых арганізацый, якім чытаюць мантры пра мір, каб была выдаткаваная фінансавая дапамога Украіне. А ўмовай выдаткавання любой дапамогі для любога інвестара з’яўляецца заклінанне пра мір. Так што не надавайце закону вялікай увагі: думаю, праз 10, максімум праз 14 дзён гэты канфлікт так размарозяць! Проста, будзе нармальная вайна са спробай расіян прабіцца да Крыма, перайсці перашыек, вызваліць, з іх пункту гледжання, Луганскую і Данецкую вобласці цалкам. І здарыцца гэтая аперацыя, думаю, цягам найбліжэйшых двух тыдняў”.

                        Аляксей Арастовіч

Каб закон запрацаваў, яго павінныя прыняць тры бакі: Украіна, Расія і кіраўніцтва сепаратыстаў, удакладняе палітолаг Віталь Портнікаў. А яны, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, катэгарычна супраць таго, каб ДНР і ЛНР заставаліся часткай Украіны. Каб дамагчыся выканання “кіеўскага” закона на Данбасе, Масква вымушаная будзе змяніць кіраўніцтва “народных рэспублік”. Прычым не выключана, што “сілавым метадам”. Але ў тым, што расійскія сілавікі, зацікаўленыя ў эскалацыі канфлікту ва Украіне, выканаюць загад на знішчэнне, Віталь Портнікаў сумняваецца.

Віталь Портнікаў: “Пуцін, сам таго не жадаючы, можа справакаваць там самую сапраўдную грамадзянскую вайну. Вайну тых, хто гатовы падпарадкоўвацца загадам Крамля, што б Крэмль ні прыдумаў, і тых, хто хоча захаваць сваё права на рабаўніцтва і забойствы, якімі б ні былі ўказанні Пуціна. Бо Крэмль здзейсніў у гэтым рэгіёне крымінальную рэвалюцыю. І фактычна сёння ўлада ў руках нават не алігархаў, а крымінальнікаў. А гэтыя крымінальнікі павінныя разумець, што ўласнасць у гэтых рэгіёнах, якія кантралююцца Масквой, пяройдзе ў рукі расійскіх бізнесменаў, блізкіх да найвышэйшага кіраўніцтва Расіі. Гэта разумеюць і ўкраінскія алігархі, якія там маюць уласнасць і якія таксама будуць абараняць яе з дапамогай узброеных сіл. І таму гэтыя “асаблівыя раёны” могуць стаць раёнамі ўнутранага жорсткага супрацьстаяння”.

                         Віталь Портнікаў

Эксперт не верыць у тое, што Расія будзе з баямі “прасякаць” калідор з ДНР да Крыма.

Віталь Портнікаў: “Калі Марыупаль яшчэ можна з нацяжкай аб’явіць тэрыторыяй ДНР, якая была захопленая падчас антытэрарыстычнай аперацыі, то ніхто не зможа лагічна патлумачыць акупацыю Бярдзянска і Мерытопаля. Там нічога не адбываецца, там няма ніякіх “народных рэспублік”. Нехта павінен будзе выйсці і сказаць: “Нам проста трэба шлях на Крым”.

У тым, што прыняты Радай закон будзе працаваць, сумняваецца і ўкраінскі палітычны аналітык Пётр Аляшчук. Маўляў, калі сепаратысты не прызнаюць юрысдыкцыю Украіны і яе законы, то і гэты закон яны прызнаваць не будуць. І выконваць. Тым не менш суразмоўца Еўрарадыё раіць усім глядзець на сітуацыю на Данбасе рэальна.

Пётр Аляшчук: “Відавочна, што Украіне неабходна зыходзіць з таго, што гэтая тэрыторыя акупаваная на няпэўны час. І найбольш разумны варыянт — гэта стварэнне максімальна эшаланіраванай сістэмы абароны па перыметры з тым, каб не дапусціць далейшага распаўзання тэрыторыі канфлікту. Бо відавочна, што ключавое прызначэнне гэтага анклава — стварэнне плацдарма для наступу. Адпаведна, як толькі сітуацыя складзецца адпаведным чынам, Украіне трэба чакаць там ваеннага ўварвання расійскіх войскаў, і ўсё гэта ўлічваць”.

                                                     Пётр Аляшчук

Такім чынам, усе эксперты сыходзяцца на тым, што прыняты закон — не больш чым маніфест ці дэкларацыя і працаваць не будзе. Тым не менш яго ухваленне парламентам Украіны выклікала незадаволенасць часткі ўкраінскага грамадства. Пачаліся нават размовы пра тое, што хутка на Кіеў з фронту пойдуць батальёны добраахвотнікаў. “Усіх камбатаў разабралі па партыйных спісах, і яны сябе ўжо бачаць у Вярхоўнай Радзе — навошта ім весці людзей на Кіеў?!” — здзіўляецца Аляксей Арастовіч. І ўсе астатнія суразмоўцы Еўрарадыё з гэтым згодныя. 

Фота: www.2000.ua , з архіваў Віталя Портнікава, Аляксея Арастовіча, Пятра Аляшчука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі