"Асвоіць зможа кожны": запушчаны арыентаваны на беларусаў сэрвіс паслуг
Асаблівасць сэрвісу ў тым, што створаны ён пераважна для ўзаемадапамогі і аказання паслуг беларусам беларусамі / Еўрарадыё
Згуртаваць беларусаў усяго свету для аказання дапамогі адно аднаму — такая ідэя рэалізавалася ў сэрвісе Pasluga.com, а 16 ліпеня ініцыятыва стала даступнай шырокаму колу карыстальнікаў.
У эфіры Еўрарадыё сузаснавальнік праекта Вадзім Дабравольскі расказаў пра тое, як нарадзілася ідэя беларускай фрыланс-платформы "для ўсіх".
— Пасля жнівеньскіх падзей мы з калегамі запусцілі ініцыятыву INeedHelpBy, закліканую дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі. У першую чаргу гэта была прадуктовая дапамога тым, хто страціў заробак, або тым людзям, чые блізкія знаходзяцца ў турме. Уся дапамога была рэалізаваная сіламі беларускай дыяспары, — кажа Вадзім. — Займаючыся праектам INeedHelpBy, мы заўважылі, што людзі хочуць не толькі атрымліваць бязвыплатную дапамогу, але і цікавяцца магчымасцю заробку. Таксама аказалася, што людзі хочуць дапамагаць праз заказ якіх-небудзь паслуг.
Pasluga.com — не адзіны ў сваім родзе сэрвіс, існуюць і замежныя аналагі. Аднак гэты праект створаны спецыяльна пад беларускага карыстальніка, каб кожны жыхар Беларусі мог без праблем скарыстацца або размясціць паслугу, не губляючы час на засваенне грувасткіх міжнародных фрыланс-платформаў, па большай частцы арыентаваных на IT-сферу.
— Мы дастаткова шмат часу аддалі таму, каб працэс рэгістрацыі, аказання паслуг і атрымання аплаты быў максімальна зручным для Беларусі. Напрыклад, для праводжання фінансавых транзакцый мы даём магчымасць скарыстацца сэрвісам "Pay Свет", з якога можна выводзіць грошы як на беларускі банк, так і пакідаць, напрыклад, на міжнароднай картцы.
Ведаю, што ў сувязі з эканамічнай сітуацыяй у рэспубліцы ў многіх ёсць трывогі адносна надзейнасці банкаўскай сістэмы ўнутры Беларусі. Адпаведна, мы даём магчымасць грашам ляжаць за межамі беларускіх банкаў.
Некаторыя віды дзейнасці на Pasluga.com могуць быць расцэненыя беларускімі сілавікамі як "незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць"? Ці можа беларус, карыстаючыся платформай, быць упэўненым у тым, што ён не парушае закона?
— Калі паслугі, якія аказваюцца карыстальнікамі, трапляюць пад заканадаўства аб індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці, то мы даём рэкамендацыі: як адкрыць ІП, як арганізаваць выплату падаткаў. Але далёка не ўсе віды дзейнасці трапляюць пад ІП, — тлумачыць Вадзім Дабравольскі. — Я б рэкамендаваў тым, хто хоча паўдзельнічаць у платформе, паглядзець нашы інструкцыі на сайце, там досыць падрабязна апісана, у якіх выпадках трэба адкрываць ІП і якога роду дзейнасць абкладаецца падаткам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.