Беларускі блогер і журналіст распавёў у Фэйсбуку пра землятрус у Непале

25 і 26 красавіка ў Непале адбыліся два разбуральныя землятрусы магнітудай 7,9 ды 6.8 балаў. Эпіцэнтр знаходзіўся за 78 км ад сталіцы Непала, горада Катманду. Паводле апошніх звестак, колькасць загінулых перавысіла 3000 чалавек. На Эверэсце загінулі 65 альпіністаў. ААН падлічылі, што шкода была прычыненая 6,6 млн.

Цяпер у Непале знаходзіцца вядомы беларускі журналіст і блогер Андрэй Каравайка з сябрамі. Ён з’ехаў з Катманду літаральна за некалькі гадзін да землятрусу і ў выніку сустрэў яго ў Пакхары.

“Сядзім на трэцім паверсе нашага геста, тупім у маніторы, і тут пад намі падлога як захістаецца, як задрыжаць сцены, як загудзяць і загрукочуць горы вакол, непалка на кухні крычыць "омайгад-омайгад", і ўсе кулём злятаюць уніз на вуліцу. Мы за імі, — апісвае землятрус у сваім ФБ Андрэй. — На вуліцы непальцы бегаюць, не ведаюць, куды падзецца ад гор, якія нас тут акружаюць, каб адтуль нічога не прыляцела. Зямля хістае — нязвыклае для цела і мозга адчуванне. усё вакол грукае так, нібы вось-вось рассыплецца і кудысьці праваліцца. Цягнулася ўсё гэта хвілін пяць. потым цішыня. Непальцы ў дамы вяртацца не спяшаюцца. І нездарма. Далей праз кожныя хвілін 15-30 патрэсвала, але зусім кароткімі штуршкамі”.

“Да 11 вечары і ўсю ноч прагназавалі новыя штуршкі. Шматлікія непальцы спалі на вуліцы каля сваіх дамоў, хтосьці на беразе возера, хтосьці пайшоў у парк. Мы вярнуліся гадзін да дзвюх ночы, нашы гаспадары сядзяць на вуліцы з суседзямі, бавяць ноч гутаркамі, жартамі і песнямі. Гаспадыня геста толькі прыехала з Катманду. Кінулася нам на шыі ў слязах, ад радасці што ўсё цэлыя і ад спалоху, які не праходзіў. Распавяла, як адправіла дачку на іспыт у Катманду, а сама сядзела ў кавярні побач, піла гарбату і трэслася за яе. А потым раптам затрэслася ўсё вакол”.

Распавесці пра перажытае больш падрабязна Андрэй адмаўляецца праз фізічную і псіхалагічную стому. Журналіст кажа, што за два дні іх трэсла 51 раз. Апошнюю ноч яны з сябрамі правялі у намёце:

“Усе жыхары вёскі Седзібагар, у якой мы жывем, нацягнулі тэнт на сенажаці і будуць спаць там, — апісвае Андрэй. — Мы паставілі побач намёт, пераначуем па-за сценамі і дахамі. Там весела, непальскія дзеці віскаталі і цешыліся яркаму аранжаваму намёту, цяпер у ім тусуюцца”.

Таксама вядома, што ў Непале знаходзіцца беларуска Любоў Праневіч. На спробы звязацца з ёй праз сацыяльныя сеткі дзяўчына не адказвае. Па некаторых звестках у яе цяпер праходзіць трэнінг: яна знаходзіцца ў медытацыі і не можа мець ніякіх стасункаў з навакольным светам. Сябры Любові напісалі на яе старонцы, што дзяўчына ўсё ж адказала на СМС. Цяпер “яна начуе ў манастыры Беручэнцэ на Баўда".

Па інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, сярод ахвяраў грамадзян Беларусі няма. Ва ўсялякім выпадку, па дапамогу не звярталіся ні самі турысты, ні іх сваякі.

“Казахі былі, але беларусаў не. Ва ўсялякім выпадку, мы не ведаем”, — пацвярджаюць словы МЗС прадстаўнікі Расійскай амбасады ў Непале.

Што праўда, Onliner знайшоў беларусаў, якія спрабуюць вярнуцца дамоў і шукаюць дапамогі.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі