Беларусу, які ўзяў шлюб з літоўцам, не дазволілі жыць у Літве

Беларусу, які ўзяў шлюб з літоўцам, не дазволілі жыць у Літве

Беларусу, які пабраўся шлюбам з літоўскім грамадзянінам, не дазволілі жыць у Літве. Мужчыны зарэгістравалі адносіны ў Нідэрландах, дзе гэта дазволена. Літоўскі Дэпартамент па наглядзе за прасоўваннем правоў Еўрасаюза спрыяльна ацаніў магчымасць беларуса атрымаць від на жыхарства. Але гэтае заключэнне не пераканала мясцовы МУС.

У заключэнні дэпартамента паведамляецца, што “было б нелагічным не даваць права на жыхарства мужу грамадзяніна краіны ЕС, пры тым, што шлюб заключаны ў адпаведнасці з правіламі канкрэтнай краіны-сябра ЕС і прызнаецца 13 еўрапейскімі дзяржавамі”.

Акрамя гэтага дэпартамент адзначае, што забарона на жыхарства для сужэнца таго ж полу можа парушыць права на свабоднае перамяшчэнне, якое гарантуецца ЕС.

Але Дэпартамент па міграцыі МУС Літвы паведаміў, што, задаволіўшы прашэнне беларуса, Літва прызнала б аднаполыя шлюбы. Гэта стварыла б супярэчлівую сітуацыю, бо “не змянілася цяперашняе меркаванне большасці грамадзян Літвы і абумоўленая ім воля заканадаўцаў”, інфармуе літоўскі партал DELFI.

Беларусу, які ўзяў шлюб з літоўцам, не дазволілі жыць у Літве

Прадстаўнік Літоўскай лігі геяў Томас Рэвяс тлумачыць Еўрарадыё, што від на жыхарства ў гэтай краіне можна атрымаць рознымі спосабамі, адзін з якіх — уз’яднанне з сям’ёй. Напрыклад, калі вы ў шлюбе з грамадзянінам Літвы, вы можаце падаць заяву ў Дэпартамент па міграцыі і на гэтай падставе атрымаць дазвол.

“Гэта быў першы выпадак, калі аднаполая пара ўзяла шлюб за мяжой і паспрабавала скарыстацца гэтай магчымасцю пры атрыманні віду на жыхарства. А ім было адмоўлена. Гэта вельмі важная падзея, бо яна стала судовым прэцэдэнтам”.

Беларусу, які ўзяў шлюб з літоўцам, не дазволілі жыць у Літве

Лідар праваабарончага цэнтра “Ідэнтычнасць” Наталля Манькоўская кажа, што пара мае магчымасць абскардзіць гэтае рашэнне ў судах, у тым ліку ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

“Перспектывы ў справы неблагія. Бо практыка Еўрапейскага суда па правах чалавека ў дачыненні да шлюбнага раўнапраўя ўжо даволі адназначная. Пазіцыя такая, што людзі мусяць карыстацца доступам да інстытута, напрыклад, грамадзянскага партнёрства, і правамі з абавязкамі, якія адсюль выцякаюць”, — тлумачыць праваабаронца.

Беларусу, які ўзяў шлюб з літоўцам, не дазволілі жыць у Літве
Вяслкавы сцяг на вуліцы Таліна. Фота: euobserver.com/Janis Zakis

На постсавецкай прасторы толькі ў Эстоніі можна ўступіць у аднаполае партнёрства, закон аб гэтым пачаў дзейнічаць з першага студзеня 2016 года.

Наталля Манькоўская кажа, што статыстыкі аб зарэгістраваных аднаполых саюзах у Беларусі яна не бачыла. І ёй вядома літаральна некалькі выпадкаў, калі беларусы ўступалі ў аднаполыя шлюбы і партнёрствы з замежнымі грамадзянамі.

У Літве таксама няма паўнавартаснай статыстыкі па гэтым пытанні. Але мясцовая ліга геяў мае інфармацыю за 2012 год, якая збіралася падчас апытання тамтэйшай ЛГБТ-супольнасці. Паводле яе 2% апытаных лесбіянак і столькі ж геяў (каля 20 чалавек) паведамілі, што знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе ці партнёрстве. Вядома, усе яны браліся за мяжой.

Беларускія аднаполыя пары могуць пабрацца шлюбам у Даніі, Нідэрландах і Канадзе. Але выпадкаў, каб пары бралі там шлюб і вярталіся сюды, Наталля Манькоўская згадаць не можа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі