Якую частку камуналкі на самай справе аплачваюць беларусы?

Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка кажа, што насельніцтва аплачвае "ўсяго толькі 24% кошту камунальных плацяжоў".

У ЖРЭА № 2 Фрунзенскага раёна Мінска не кажуць — чаканяць, якія выдаткі на камунальныя паслугі пакрываюць беларусы.

 “24% вы аплачваеце, усё астатняе — датацыя дзяржавы. Статыстыкі ў мяне асабіста няма, але па інфармацыі праходзіць столькі”, — аднак нечакана супрацоўніца аддзелу разлікаў камунальных налічэнняў ЖРЭА дадае: "Гэта не дакладная лічба!".

Цікава, што ў лютым намміністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Шагун казаў, што насельніцтва аплачвае толькі 15%. Яшчэ раней называліся лічбы ў 20% і 23%.

У разлікова-даведкавым цэнтры № 6 Маскоўскага раёна не кажуць ні пра якія працэнты і выдаткі. Але ні хвіліны не сумняваюцца ў хуткім падвышэнні тарыфаў і… скардзяцца на затрымку заробкаў.

“Усё магчыма! Бо жыллёва-камунальная гаспадарка не стаяла б на мяжы спусташэння! Наша ЖРЭА, мы не атрымліваем авансаў ужо даўно, рабочым яшчэ нешта даюць. І гэта нягледзячы на тое, што і доўг у людзей за "камуналку" не такі і вялікі”, — скардзяцца ў ЖРЭА на крызіс у галіне.

У іншых ЖЭСах ды ЖРЭА называюць розныя працэнты пакрыцця выдаткаў насельніцтва на "камуналку" — хто чуў пра “33%, здаецца”, хто называе лічбы толькі на адну паслугу. Да прыкладу, паводле версіі камунальнікаў, выдаткі на тэхабслугоўванне мы пакрываем “ад 27,5% да 35%”.

Дакладна называюць лічбы ў Белэнерга. З улікам шостага (!) падаражэння тарыфаў на электраэнергію за год, беларусы пакрываюць болей за 50% выдаткаў!

“На пачатак года насельніцтва пакрывала 30%, а на кастрычнік — 54,7%”, — прыводзяць статыстыку ў Белэнерга. Яшчэ столькі ж і будзе, як абяцае дзяржава — 100% святло.

Калі мы "гэтак мала пакрываем выдаткаў на камунальныя плацяжы", а трэба давесці да 30%, дык "камуналка" непазбежна падаражэе? — задаецца пытаннем Еўрарадыё. Але ні ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, ні ў Мінэканомікі, ні ў Саўміне ні пра якое падаражэнне пакуль не чулі.

У Савеце міністраў Еўрарадыё кажуць, што пытанне пра падняцце тарыфаў пакуль толькі абмяркоўваецца — “хоць ніякіх прапановаў не было”.

“Праз тыдзень-два дакладна вызначымся, калі будзе паднята "камуналка". Адзінае што — у снежні плануецца падвысіць тарыф на вываз цвёрдых бытавых адкідаў. Але гэта зусім невялікая сума — да 2 тысяч рублёў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі