Беларусы могуць атрымаць права абскардзіць любыя рашэнні судоў: гэта дапаможа?
Вярхоўны суд / Еўрарадыё
Улады падрыхтавалі законапраект, які дазваляе абскардзіць любыя рашэнні судоў. Нават Вярхоўнага суда, чые прысуды цяпер бясспрэчныя.
Калі законапраект прымуць, беларусы змогуць пачаць працэдуру касацыі па крымінальных справах, гэта значыць абскардзіць прысуд пасля таго, як ён набыў моц. Цяпер па крымінальных справах даступная толькі апеляцыя — абскарджанне да таго, як прысуд пачаў выконвацца.
— ...патрабуецца наступная стадыя праверкі законнасці рашэнняў суда — прысудаў, якія ўжо набылі законную моц, — кажа старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала.
На думку юрыста Сяргея Гасаяна, хутчэй за ўсё, законапраект прымуць. Бо калі ўлады нешта прапануюць самі, то гэта хутка рэалізуецца.
— Касацыйнае абскарджанне ў эканамічным судаводстве ёсць. Плануюць зрабіць тое самае па крымінальных справах.
Цяпер "амаль ніколі не да законаў"
Такая навіна магла б узрадаваць, але Беларусь займае 136-е месца з 139 краін па ступені абмежавання паўнамоцтваў урада судовай уладай. Ніжэй толькі Венесуэла, Маўрытанія і Камбоджа. Які тады сэнс змен?
— Гэта вельмі глыбокая савецкая традыцыя: гаварыць пра законнасць, нейкія фармальныя працэдуры, — кажа адвакат Алесь Міхалевіч. — Зводзіць законнасць не да рэальнай незалежнасці суддзяў, а да нейкіх фармальных працэдур, дзе чалавек як быццам мае права на дадатковае абскарджанне.
Пра імітацыю дзейнасці па паляпшэнні правасуддзя гаворыць і адказны за пытанні юстыцыі ў НАУ Міхаіл Кірылюк.
— Фраза "часам не да законаў", сказаная ў 2020 годзе, у 2022 годзе для Беларусі ўжо састарэла. Цяпер больш правільна гаварыць — "амаль ніколі не да законаў". Мэта [ўладаў. — Еўрарадыё] — паспрабаваць паказаць бязвінна асуджаным беларусам "паглядзіце, мы даём вам чарговы шанц папрасіць пра памілаванне".
У палітвязняў, асуджаных па крымінальных артыкулах, сапраўды можа з'явіцца магчымасць пазмагацца за свабоду. Аднак наўрад ці вынікі будуць паспяховыя, лічаць эксперты.
— Ва ўсіх суддзяў ёсць магчымасць проста не прыцягваць да адказнасці невінаватых, — кажа Міхаіл Кірылюк.
Змены ўсё ж могуць быць карысныя ў некаторых выпадках, лічыць Сяргей Гасаян.
— Ёсць розныя катэгорыі спраў. Напрыклад, тыя, што неабавязкова маюць палітычную афарбоўку. Ёсць і маёмасныя злачынствы, і злачынствы супраць асобы. Магчымасць перагляду рашэння — гэта добра.
Беларусь не сябра Савета Еўропы, таму падаць у суд па правах чалавека можна, але яго рашэнне не прымяняецца ў Беларусі. Тут няма яшчэ адной інстанцыі, якая б пераглядала справу. Так, справы могуць пераглядацца па новаадкрытых абставінах, але гэта крыху іншае.
Хоць рашэнне станоўчае, невядома, як яно будзе прымяняцца на практыцы нават у справах, не звязаных з палітыкай.
— Будзе разглядацца тая самая справа, з тым самым абвінаваўчым заключэннем, з тым самым наборам доказаў, з тымі самымі паказаннямі. Як практыка паказвае, калі не закранутыя інтарэсы дзяржавы, то ёсць імавернасць змены рашэння. Калі дадасца хоць бы адзін-пяць адсоткаў апраўдальных прысудаў па выніках касацыйнага абскарджання, гэта вялікі плюс. Таму апраўдальных прысудаў вельмі мала, — працягвае Сяргей Гасаян.
Касметычныя змены не дапамогуць Беларусі дагнаць цывілізаваны свет. Бо на справе Беларусь адзіная краіна ў Еўропе, дзе для таго, каб пасадзіць чалавека ў турму, не трэба судовага рашэння, а суд марыянетачны, падкрэслівае Алесь Міхалевіч.
— Калі ў Беларусі будзе незалежная судовая сістэма, упэўнены, адсотак апраўдальных прысудаў моцна вырасце. Што да палітычных зняволеных, праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. НАУ распрацавана канцэпцыя рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій, камандай Святланы Ціханоўскай распрацаваны Акт аб вызваленні ад адказнасці і аднаўленні ў правах асоб, якія зазналі пераслед па палітычных матывах, — кажа на заканчэнне Міхаіл Кірылюк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.