Біскуп Касабуцкі: ідзе пераслед Касцёла, але адкрыта пра гэта не кажуць
Пры адсутнасці арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча кіраванне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй узяў у свае рукі Генеральны вікарый біскуп Юрый Касабуцкі. У інтэрв'ю сайту Catholic.by ён распавёў пра складанасці, з якімі сутыкнуўся Касцёл у Беларуі.
31 жніўня мітрапаліта Кандрусевіча без тлумачэння прычынаў не пусцілі ў Беларусь з Польшчы. 1 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, быццам каталіцкі мітрапаліт "улез у палітыку" і выязджаў у Варшаву для атрымання "пэўных задач". Таксама кіраўнік дзяржавы заявіў, быццашто мітрапаліт Кандрусевіч мае не толькі беларускае грамадзянства.
"Пра якую палітыку гаворка? Наш мітрапаліт не падтрымліваў нікога з кандыдатаў да выбараў і пасля іх, не рабіў ніякіх палітычных заяў, а толькі заклікаў да сумленнасці, адказнага падыходу, спынення насілля і дыялогу. Усе яго дзеянні і выказванні знаходзяцца ў межах сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла і дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Гэта перадусім маральныя аспекты грамадскага жыцця, хрысціянскія і агульначалавечыя каштоўнасці, адыход ад якіх становіцца прычынай крызісаў у грамадстве", — гаворыць на гэьа біскуп Касабуцкі.
На яго думку, Лукашэнку няправільна інфармавалі. Кандрусевіч можа выязджаць для кансультацыяў толькі ў Ватыкан і атрымліваць задачы ад Папы Францішка. Паездкі арцыбіскупа ў Польшчу ён патлумачыў запрашэннем на шэраг урачыстых набажэнстваў.
Наконт грамадзянства Кандрусевіча біскуп Касабуцкі адказаў катэгарычна: "У арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае, і згодна з законам яго права на ўезд не можа быць ніякім чынам абмежавана. Беларускія грамадзяне па закону не могуць трапіць у "спіс неўязных", таму тут яўнае непаразуменне".
Біскуп лічыць, што на Касцёл адбываецца ціск з боку ўладаў: "Відавочна, што на Касцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца пераслед Касцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта не кажа".
У доказ сваіх словаў ён прыводзіць тры факты за апошні час. Першы — нядопуск у краіну арцыбіскупа Кандрусевіча.
Другі — пасяджэнне Кансультацыйнай міжканфесійнай рады ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леаніда Гулякі. Яно адбылося 31 жніўня. На яго былі запрошаныя прадстаўнікі ўсіх рэлігійных аб'яднанняў, акрамя каталіцкага Касцёла. "Пасля пасяджэння з намі звязаліся прадстаўнікі іншых канфесій і падзяліліся, што на ім нас, беларускіх католікаў, літаральна палівалі брудам", — заяўляе Касабуцкі.
Трэцім фактам пераследу ён называе незразумелы ўціск з боку дзяржавы на адну з самых вялікіх каталіцкіх парафій Мінска — касцёла святога Сымона і святой Алены. Спярша парафіі выставілі вялізныя рахункі, потым амапаўцы блакавалі дзверы ў касцёле падчас разгону акцыі на плошчы Незалежнасці.
Развязаць праблему біскуп Касабуцкі заклікае мірам і малітвай. "Я вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія сабраліся ўчора на малітву, на святую Імшу ў нашых касцёлах, а таксама ўсім тым, хто нас падтрымаў. Вось, напрыклад, група праваслаўных жанчын прыйшла ўчора ў нашу катэдру, каб разам з намі маліцца аб міры і згодзе, аб як мага хутчэйшым вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча на Радзіму. Дзякуй ім за гэта!" — адзначае ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.