Бітва за вакцыну: калі ў свеце (і ў нас) з'явіцца прышчэпка ад каранавіруса
Брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан пазіруе з "оксфардскай" вакцынай / Reuters
Найбуйнейшыя фармакалагічныя карпарацыі свету працягваюць сапраўдную "гонку" за права першымі выйсці на рынак з вакцынай ад каранавіруса. За перамогу належыць не толькі выратаванне мільёнаў людзей ад COVID-19, але і мільярды долараў.
Ужо на этапе распрацоўкі акцыі многіх фармгігантаў растуць з хуткасцю, якой зайздросцяць Apple і Google. Еўрарадыё расказвае пра самыя перспектыўныя вакцыны, якія цяпер распрацоўваюцца, і пра тое, калі іх можна чакаць.
Moderna. Амаль 100%?
Амерыканская біятэхналагічная кампанія Moderna абвясціла 30 снежня пра тое, што яе вакцына mRNA-1273 паказала стаадсоткавую эфектыўнасць пры каранавірусе. Праўда, ёсць нюансы. Такі ўзровень эфектыўнасці — пры цяжкім праходжанні COVID-19. Акрамя таго, выбарка пакуль вельмі малая: заява зроблена на аснове папярэдняга аналізу звестак трэцяга этапу выпрабаванняў. Гаворка ідзе пра даследаванне ўплыву вакцыны на 30 "цяжкіх" пацыентах са 196.
Зрэшты, нават цалкам абгрунтаваная стрыманасць у аптымізме адносна вакцыны Moderna не перашкодзіла акцыям кампаніі рэзка вырасці: са 127 да 153 долараў за штуку.
Moderna ужо падала заяўку на дазвол экстраннага прымянення сваёй вакцыны для цяжкіх пацыентаў. Амерыканскі рэгулятар FDA разгледзіць гэтае пытанне 17 снежня. Калі ўхваляць заяўку, ужо ў канцы снежня ці пачатку студзеня можа пачацца абмежаванае прымяненне вакцыны — адначасова з працягам выпрабаванняў.
Карпарацыя гатовая да канца снежня вырабіць 20 мільёнаў доз, чаго хопіць для 10 мільёнаў чалавек (трэба па дзве прышчэпкі). Гэта значыць, нават у выпадку паспяховага трэцяга этапу даследаванняў і ўхвалення СААЗ на сусветны рынак mRNA-1273 не выйдзе раней вясны.
AstraZeneca. За крок ад рэгістрацыі. Была
Англа-шведская кампанія AstraZeneca заяўляла пра фінальную стадыю распрацоўкі ўласнай вакцыны — AZD1222. Сёння яе называюць "оксфардскай вакцынай". Нядаўна прэпарат лічыўся адным з першых кандыдатаў на рэгістрацыю.
Пытанні да вакцыны ўзніклі праз падазрэнні ў лабараторных памылках пры выпрабаваннях. У адной з груп даследаваных эфектыўнасць ацэньвалася ў 70%, а ў шэрагу выпадкаў — у 90%. Пры гэтым частка падвыпрабавальных атрымала паўтары дозы, частка — дзве поўныя дозы.
Моцны роскід у звестках пра эфектыўнасць можа быць звязаны з памылкамі ў даследаваннях. Праз гэта, магчыма, AstraZeneca павінна будзе правесці яшчэ адно клінічнае даследаванне. А гэта і час, і грошы.
Зрэшты, нягледзячы на адкладзеную на няпэўны тэрмін рэгістрацыю і шырокае прымяненне, Вялікабрытанія і ЕС ужо заказалі 400 мільёнаў доз вакцыны AZD1222.
Хоць менавіта AstraZeneca магла ўжо ў пачатку 2021-га пачынаць вакцынацыю ў Вялікабрытаніі і Еўрасаюзе, цяпер рынкавае становішча кампаніі не такое паспяховае: рост ёсць, але ўсяго з 75 да 78,5 долара. Часам бываюць і "прасяданні".
Pfizer/BioNtech. Бліжэй за ўсё да рэгістрацыі
Амерыканская Pfizer і нямецкая BioNtech, якія распрацавалі сумеснымі намаганнямі адну з самых перспектыўных вакцын ад каранавіруса, 1 снежня накіравалі заяўку ў Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) для атрымання ўмоўнага дазволу на выкарыстанне распрацаванай імі вакцыны ад каранавіруса COVID-19.
На завяршальным выпрабаванні вакцына прадэманстравала 95-адсоткавую эфектыўнасць. Таксама як і з іншымі фармгігантамі, тут гаворка ўжо ідзе пра заказы сотняў мільёнаў доз. Пакуль — краінамі Еўропы і ЗША.
Улады еўрапейскіх краін — напрыклад, Францыі — разлічваюць пачаць масавае прымяненне вакцыны ад Pfizer/BioNtech да пачатку студзеня. Аднак чыноўнікі будуць азірацца на вынікі выпрабаванняў. Але ўжо на гэтым этапе адна акцыя амерыканскай карпарацыі вырасла з 34 да 38 долараў, а нямецкай — з 87 да 124.
Novavax і Johnson&Johnson. Усё крыху марудней
Яшчэ дзве буйныя кампаніі распрацоўваюць кожная па сваёй вакцыне. Праўда, тэрміны тут называюцца пазнейшыя. Novavax падвядзе вынікі трэцяга этапу выпрабаванняў толькі ў першым квартале 2021-га. На гэтым этапе пра яе магчымую эфектыўнасць у карпарацыі не гавораць.
Johnson&Johnson праводзіць трэцюю стадыю клінічных выпрабаванняў у цяперашні момант. Масавыя пастаўкі, у выпадку поспеху даследаванняў, кампанія гатовая пачаць у другім паўгоддзі 2021-га. Наконт тэрмінаў пакуль таксама не ўсё ясна.
А што там з расійскім Sputnik-V?
Расія першай пераможна абвясціла пра стварэнне вакцыны ад каранавіруса і адразу ж назвала яе Sputnik-V — няшмат слоў з рускай мовы ўвайшлі ў сусветны абарот, а назва Pogrom наўрад ці б падышла.
Хоць пра гэту вакцыну гавораць як пра ўжо цалкам гатовую, цяпер працягваюцца клінічныя выпрабаванні, у тым ліку з удзелам беларусаў. Вядома, што сярод тых, на кім ставіцца гэты эксперымент, прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Заходнія навукоўцы ставяцца да прэпарату скептычна і наракаюць на адсутнасць празрыстасці падчас яго даследаванняў. Пакуль заяўкі на расійскую вакцыну пакідаюць Узбекістан, Філіпіны, Ізраіль і Беларусь (пакуль што ў планах — толькі 100 тысяч доз). Еўрапейскія краіны не спяшаюцца давярацца прэпарату і лічаць за лепшае чакаць вынікаў выпрабаванняў і іх ацэнкі міжнароднай супольнасцю.
Так ці інакш, раней за ўсё беларусы змогуць атрымаць доступ менавіта да расійскай вакцыны: не факт, што ўлады захочуць закупляць тую ж Pfizer або Moderna не столькі па медыцынскіх, колькі па палітычных меркаваннях. Больш за тое, Масква ужо паабяцала, што менавіта Беларусь першай атрымае вакцыну для масавага прымянення. Але ў любым выпадку гэта чакаецца не раней, чым у першым квартале 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.