Больш за год двух украінцаў трымалі ў ізалятарах у РБ, падазраючы ў шпіянажы

Турма, ілюстрацыйнае фота

Турма, ілюстрацыйнае фота / sb.by

14 месяцаў правялі ў ізалятарах Беларусі два ўкраінцы, якіх падазравалі ў шпіянажы. Іх гісторыю даведалася "Медыязона".

43-гадовы Аляксандр служыў па кантракце ў памежных войсках, у 2014 годзе ўдзельнічаў у АТА. У 2017-м ён пакінуў войска ў званні прапаршчыка і заняўся грузаперавозкамі: некалькі грузавых машын вазілі тавары з Украіны ў Польшчу і Беларусь.

У лістападзе 2022-га (праз некалькі месяцаў пасля шырокамаштабнага расійскага ўварвання) Аляксандр разам з сваім партнёрам Віталём прыехалі ў Беларусь: яны планавалі закрыць беларускі кірунак свайго бізнесу, забраць тавар, забраць даўгі і разлічыцца з людзьмі.

Аляксандр і Віталь выехалі з Украіны 2 лістапада, залатвілі ўсе працоўныя справы і 4 лістапада ўжо былі ў чарзе на пераходзе "Брэст — Цярэспаль". Там іх машыну адправілі ў бокс на поўны дагляд, а саміх украінцаў затрымаў АМАП.

Паводле Аляксандра, на галаву ім надзелі пакеты, рукі скавалі кайданкамі, прычыну затрымання не тлумачылі. Пазней падчас допыту ў яго спыталі пра стаўленне да Беларусі і Лукашэнкі. У мужчыны спрабавалі даведацца, куды ён ездзіў і што рабіў у Беларусі, а потым абвінавацілі яго ў шпіянажы.

"І потым я пачуў, быццам мы тут займаемся шпіянажам на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць ездзім па Беларусі, вылічаем вайсковую тэхніку, склады. Потым былі навадныя пытанні, нібыта мяне бачылі, як я фатаграфаваў лунінецкі вайсковы аэрапорт. Але мы там нават не былі! Гэта потым я зразумеў, што нас проста бралі на понт", — кажа Аляксандр.

Калі ў Аляксандра знайшлі старое пасведчанне памежніка з пазнакай, што ён быў удзельнікам АТА, яму  сталі пагражаць, што адвязуць да рускіх.

Абодвух украінцаў трымалі ў ІЧУ Брэсцкай памежнай групы. Праз тры месяцы пасля затрымання да Аляксандра прыехаў следчы. Украінцу прапанавалі зачытаць на камеру тэкст, што ён нібыта займаўся шпіянажам на тэрыторыі Беларусі. Мужчына адмовіўся. Праз некалькі дзён следчы заявіў, што Аляксандр нібыта "купляў інфармацыю ў беларусаў": у яго машыне знайшлі каля 60 тысяч долараў. Украінец патлумачыў, што гэта былі вернутыя яму пазыкі. Грошы ляжалі ў машыне разам з запоўненай дэкларацыяй.

Потым следчы не прыходзіў два месяцы, і Аляксандр ускрыў сабе вены, каб прыцягнуць увагу. Следчы з'явіўся, але зноў знік. Ён не прыйшоў нават пасля пагроз Аляксандра забіць сябе токам і 6 дзён сухой галадоўкі вязня.

7 красавіка 2023 года Аляксандра перавялі ў Брэсцкае СІЗА. Там ён даведаўся, што на яго пачалі крымінальную справу за кантрабанду грошай у буйным памеры. Па словах украінца, ім нават падкінулі лішнія грошы, каб атрымалася крымінальная справа, а не адміністрацыйнае правапарушэнне.

8 траўня адбыўся суд. Суддзя пастанавіў канфіскаваць грошы, прызначыць штраф і вызваліць у зале суда. Але адразу пасля вызвалення Аляксандра затрымала контрразведка і адправіла яго ў чарговае ІЧУ, дзе ён правёў 7 месяцаў. Следчы за гэты час так і з'явіўся.

Аляксандра ўвесь гэты час шукаў брат Раман, дыпламаты ўкраінскага консульства і Чырвоны Крыж. А яго лісты не выпускалі за тэрыторыю ІЧУ.

У лістападзе 2023 года ў ІЧУ Ленінскага раёна Брэста перавялі і партнёра Аляксандра — Віталя. Да гэтага ён год сядзеў у ІЧУ памежнікаў. Віталя таксама ўгаворвалі падпісаць прызнанне, што ён займаўся шпіянажам.

Абодва ўкраінцы абвясцілі сухую галадоўку. Аляксандр пратрымаўся 9 дзён, а Віталь — 47. Падчас галадоўкі следчыя абяцалі ім дэпартацыю на працягу пары месяцаў. Толькі 28 снежня 2023 года мужчын адвезлі на мяжу і перадалі ўкраінскаму боку. Пры гэтым Аляксандру забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў.

Дарэчы, ва Украіне СБУ затрымала абодвух — па падазрэнні ў шпіянажы. Іх пасялілі ў гатэль, дзе некалькі дзён праводзілі апытанні. Толькі пасля гэтага мужчын адпусцілі дадому.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі