Брэстаўчанін хоча абскардзіць у судзе рашэнне аб фарміраванні аблвыбаркаму
Дзяніс Турчаняк лічыць, што падчас утварэння брэсцкай абласной камісіі па выбарах прэзідэнта былі дапушчаныя парушэнні.
Брэсцкая абласная камісія па выбарах прэзідэнта была сфармаваная 20 ліпеня на сумесным пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэту.
У аблвыканкам былі дасланыя 28 заяваў на ўключэнне ў склад камісіі. Да разгляду былі дапушчаныя толькі 27 заяваў, бо адна з іх не адпавядала нормам Выбарчага кодэксу. У камісію была ўключаная максімальна дапушчальная колькасць — 13 чалавек.
Кіраўнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкаму Сяргей Цімашук паведаміў прысутным, што пры абмеркаванні кандыдатур за аснову браўся досвед працы прэтэндэнтаў у выбарчых камісіях, іх працоўныя якасці, а таксама маштабнасць арганізацыі ці партыі, якую яны прадстаўляюць.
Як стала вядома Еўрарадыё, з такой фармулёўкай не пагадзіўся грамадскі актывіст Дзяніс Турчаняк. Ён вылучаў сваю кандыдатуру ад грамадзян шляхам падачы заяваў, але не трапіў у выбарчую камісію.
Па тлумачэнні актывіст звярнуўся да кіраўніка Брэсцкага аблвыканкаму Анатоля Ліса.
Турчаняк: “Я пацікавіўся ў Ліса назву нарматыўна-прававога дакумента, у якім указваліся б крытэрыі, на падставе якіх Цімашук з нейкай групай асоб праводзіў адбор кандыдатаў. На гэта Ліс адказаў, што крытэрыяў ніякіх не існуе і заканадаўствам яны не замацаваныя”.
Супярэчнасці ў словах чыноўнікаў стануць нагодай для судовага разбіральніцтва. Дзяніс Турчаняк збіраецца абскардзіць рашэнне прэзідыума абласнога Савету і аблвыканкаму, бо лічыць, што пры фармаванні выбарчай камісіі былі дапушчаныя парушэнні. Ён рыхтуе заяву ў Брэсцкі абласны суд, каб той даў прававую ацэнку прызнанню Сяргея Цімашука пра крытэрыі адбору, якіх у Выбарчым кодэксе не прадугледжана. Зрабіць гэта актывіст мусіць цягам двух дзён, бо ўжо 22 ліпеня пройдзе першае пасяджэнне новастворанай камісіі.
Фота: БелаПАН