BYSOL плануе пашырыць дапамогу вызваленым палітвязням і чакае больш заявак
Хутка ад BYSOL трэба будзе яшчэ больш дапамогі / ТАСС
У Беларусі працягвае павялічвацца колькасць палітвязняў. Станам на 30 верасня за кратамі 1327 чалавек. Ці дапамагае BYSOL ім, іх сем’ям і як рэабілітаваць тых, хто толькі выйшаў на волю, расказвае сузаснавальнік і кіраўнік дабрачыннага фонду BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак.
Паводле звестак Стрыжака, сістэма падтрымкі працуе дастаткова добра.
— Праграмай падтрымкі тых, хто сядзіць, займаецца наш аддзел палітвязняў. Мы трохі памянялі свой падыход і свой канцэпт працы па гэтым кірунку. Цяпер мы збіраем на канкрэтныя аб’ёмы, не робім збор пралангаваны бестэрміновы. У нас цяпер ёсць 32 сям’і, якія мы знайшлі дзякуючы нашай кампаніі летняй дапамогі дзецям палітвязняў. І на якія мы цяпер збіраем грошы.
Для мяне асабісты боль, калі беларускае грамадства транслявала, што яны не будуць сядзець свае тэрміны. Як аказалася, сядзяць. Адседжваюць іх цалкам і выходзяць. Чалавек, які выходзіць са зняволення, выходзіць з сапсаваным здароўем. З разбураным асабістым і прафесійным жыццём і абсалютна незразумелымі перспектывамі. Ёсць кааліцыя з некалькіх структур, якія паміж сабой абменьваюцца інфармацыяй, данымі па вызваленых людзях. І кожны на сябе ўзяў пэўную частку задач. Мы ўзялі на сябе выплаты разавыя, візавы працэс і псіхалагічную падтрымку. Чалавек, які выходзіць з турмы, як мінімум, звярнуўшыся ў BYSOL, мае права на атрыманне разавай падтрымкі ў памеры 300 еўра, на атрыманне дзесяці бясплатных псіхалагічных сесій ад нашых партнёраў і на візавую падтрымку.
У перспектыве BYSOL будзе пашыраць аб’ём дапамогі яшчэ на медычную дапамогу, кажа Стрыжак.
— Асобным радком ідзе дапамога ў пратэзаванні зубоў. Шмат хто кажа, што гэта касметалагічная, эстэтычная аперацыя. Але, прабачце, калі ў цябе няма зубоў, то і страўнік згублены, і ты не можаш сацыялізавацца. Ясна, што людзі камплексуюць і ўсё астатняе.
Так што ў цэлым праграма працуе. Калі гаварыць пра лічбы, то сярэдняя колькасць людзей, якія звяртаюцца да нас штомесяц па дапамогу пасля вызвалення, не перавышае некалькі дзясяткаў. Але, улічваючы сітуацыю з “амністыяй”, што зараз падыходзіць якраз цыкл, калі скончацца кароткія тэрміны, якія давалі напачатку, людзі зараз пачнуць выходзіць, таму я прагназую рост такіх заявак, — рэзюмуе Андрэй Стрыжак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.