Чачэнцы, якіх не пусцілі ў Польшчу: Вырашылі застацца жыць у Брэсце

Чачэнцы, якіх не пусцілі ў Польшчу: Вырашылі застацца жыць у Брэсце

“Жыццё маё ў Чачні было нядрэннае: была праца, была машына. Я выдатна сябе адчуваў. Аднак настаў такі момант, які ўсё перакуліў у маім жыцці. Я не мог глядзець на слёзы сваіх дзяцей, на перажыванні сваіх бацькоў. Я вырашыў: хай будзе, што будзе — рызыкну… Ніхто з прысутных і я таксама не будзе казаць пра свае праблемы”, — распавядае Еўрарадыё адзін з мігрантаў з Чачні.

Мужчыну ў сераду, 31 жніўня, мы сустракаем на вакзале “Брэст-Цэнтральны”. Сёння ён ужо ў 32-ы раз спрабаваў трапіць ў Польшчу. Разам з дзвюма сотнямі сваіх суайчыннікаў 29 жніўня ён разбіў лагер каля памежнага пункту “Брэст”. Чачэнцы, у якіх няма шэнгенскіх віз, пратэставалі супраць таго, што польскія памежнікі не пускаюць іх… у Еўрасаюз.

 

Чачэнцы, якіх не пусцілі ў Польшчу: Вырашылі застацца жыць у Брэсце

“Маем на Радзіме праблемы, але казаць пра іх не будзем”, — усе як адзін адказваюць мігранты. Размаўляць пра гэта катэгарычна адмаўляюцца нават ананімна і не пад запіс.

Што гэта за праблемы і чаму ўцекачы так баяцца пра іх распавядаць? Гэтае пытанне задаём брэсцкаму праваабаронцу Раману Кісляку.

Кісляк: “Людзі называюць самыя розныя прычыны. Напрыклад, наяўнасць беззаконня — на радзіме іх прымушаюць рабіць нейкія рэчы, якія яны не могуць рабіць, таксама людзі знікаюць. Кажуць пра кроўную помсту: чалавека могуць забіць за нейкі ўчынак без рэальнага правасуддзя… Шчыра кажучы, у мяне няма магчымасці правяраць гэта — кажуць яны праўду ці не”.

Па словах уцекачоў, калі яны трапляюць у Тэрэспаль, то прычыны, з-за якіх яны з’ехалі з Чачні, распавядаюць польскім супрацоўнікам памежных і міграцыйных службаў. Аднак большасць усё адно “разварочваюць” назад у Брэст.

“Палякі (супрацоўнікі памежных і міграцыйных службаў, — Еўрарадыё) нас запытваюць, ці ёсць віза? — расказвае уцякач. — Візы, вядома, няма. Маўляў, калі візу атрымаеце, то тады прыязджайце. А візу чачэнцам не даюць — гэта ўсе ў нас ведаюць, хто ўмее карыстацца інтэрнэтам. Ва ўсіх тут прысутных стаіць адмова ў атрыманні візы”.

Чачэнцы, якіх не пусцілі ў Польшчу: Вырашылі застацца жыць у Брэсце

Заставацца дзе-небудзь у Расіі яе грамадзяне з Чачні не хочуць. Маўляў, ад тых праблем, што маюць на радзіме, не схаваешся нават на тэрыторыі такой вялікай краіны. Але некаторыя вырашаюць застацца ў Брэсце. Па некаторых дадзеных, у горадзе цяпер знаходзіцца больш за дзве з паловай тысячы чачэнцаў.

“Мы хочам трапіць у тую краіну, дзе выконваецца Жэнеўская канвенцыя, правы чалавека. У краінах, дзе гэтага няма, мы заставацца не хочам. Аднак ёсць людзі, якія ўжо вырашылі застацца ў Брэсце, стаць грамадзянамі Беларусі. Я таксама разглядаю такі варыянт. Мне спадабалася і гасціннасць людзей, і іх стаўленне да нас”, — кажа ўцякач.

Увечары 30 жніўня лагер каля памежнага пункта знік. Мігранты сышлі, бо начаваць на зямлі стала холадна. Па іх словах, паўтараць сваю акцыю яны больш не плануюць, бо мэты дамагліся — прыцягнулі ўвагу СМІ да сваёй праблемы. За час акцыі нікога з іх не затрымалі.

Наш суразмоўца распавядае, што пэўныя зрухі, хоць і павольныя, з боку памежнікаў ужо пачаліся. За аўторак і сераду яны прапусцілі на тэрыторыю Польшчы больш за 50 чачэнцаў. У панядзелак, перад страйкам мігрантаў, у Польшчу трапілі толькі чатыры чалавекі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі