Чаму беларускі выходзяць з раддома на 3-я суткі, а ў Лондане праз 12 гадзін
“Калі вы сыдзеце з радзільні праз суткі без распіскі — будзем вас шукаць з міліцыяй!”
Герцагіня Кембрыджская Кейт нарадзіла дачку і праз 12 гадзін пакінула клініку. Пры гэтым на відэа бачна, што герцагіня добра выглядае і ўсміхаецца. Ці нармальна выпісвацца адразу пасля родаў і ці змогуць беларускі выпісацца амаль адразу пасля нараджэння немаўляці?
Доктар-гінеколаг 5-й радзільні Мінска Васіль Шостак кажа Еўрарадыё, што беларускі выпісваюцца з радзільні не далей як на трэція суткі, калі ўсё ідзе добра. А то і пазней. Такі тэрмін знаходжання жанчын у радзільні Беларусі вызначаны пастановай Мінаховы здароўя.
“Вось калі я быў маладым афіцэрам, пасля кесарава ў нас жанчын выпісвалі праз 14 дзён, калі на 12-я суткі, гэта было дай божа! — успамінае гінеколаг. — З таго моманту мы добра прасунуліся наперад, бо развіваецца медыцына. Цяпер, калі вы паступілі ранкам у панядзелак і нарадзілі адразу, то, калі ўсё добра, у сераду раніцай можаце выпісвацца. А вось ў Латвіі жанчыны выпісваюцца, здаецца, праз дзве гадзіны пасля родаў. Бо медыцына дарагая, а ў нас бясплатная”.
Васіль Анатольевіч кажа, што за гэты час жанчына мае неабходны догляд, а таксама дзіця праходзіць адаптацыйны перыяд. За ім таксама назіраюць дактары, да таго ж даюцца першыя прышчэпкі.
“Таму ў нас такая нізкая смяротнасць сярод парадзіх, нованароджаных”, — падкрэслівае Васіль Шостак. Пры гэтым заўважае, што праз некалькі гадзін выпісваюцца і ў Беларусі — звычайна гэта ўкраінкі ці літоўкі, якія цяжарнымі паехалі ў Беларусь, і нечакана прыйшлі роды.
“Пры герцагіні знаходзяцца гінеколаг, акушэрка, а таксама сямейны доктар. Зразумела, чаму яна магла выпісацца так рана. У нас гэта сабе дазволіць можа не кожная жанчына”, — заўважае Васіль Шостак.
“Канечне, жанчына можа сысці і праз 12 гадзін, — нечакана кажа доктар-гінеколаг 2-й радзільні г. Мінска. — Але каб выпісацца раней, трэба падпісваць многа паперак. Калі ж вы проста сыдзеце з радзільні, вас будуць шукаць з міліцыяй!”
Ці дастаткова жанчыне трох дзён пасля нараджэння, пытаемся ў маладой маці Надзеі, якая ў сакавіку нарадзіла дзіця.
“У прынцыпе, тут глядзіш на дзіцятка, калі з ім усё добра, тады выпісваешся, што там болей рабіць, а калі не — дык трэба пабыць у радзільні”, — прызнаецца Надзея.
А вось іншая маці, Наталля, кажа, што ў Беларусі сысці раней, чым належыць, амаль немагчыма.
“Асабліва калі нараджаеш без анестэзіі. Тады жанчына па 12 гадзін толькі пакутуе і яшчэ дзень ад гэтага адыходзіць. За мяжой абязбольвальнае ўсім колюць, яны так не пакутуюць, як у нас. Калі выпішашся раней, усе роўна давядзецца ісці да доктара, які б вызначыў, што ў маці ўсё нармальна”, — кажа Наталля.
Таксама стала вядома, што шпіталь, у якім знаходзілася герцагіня, — самы дарагі ў Брытаніі, кошт родаў там — каля 6570 фунтаў стэрлінгаў.
У Беларусі кошт родаў вагаецца ад 2 мільёнаў, гэта толькі за роды — гэта гарантуе роды ці з загадчыцай, ці з найлепшым дзяжурным доктарам. Анестэзія пры гэтым не прадугледжаная — толькі па паказчыках і толькі за дадатковыя грошы — ад паўмільёна за ўкол. Яшчэ каля 350-400 тысяч у дзень каштуе знаходжанне ў бальніцы да родаў. Куды англічанкам да беларусаў.