Чаму мігранты не атрымалі ўсенароднай спагады ў Беларусі?

Мігранты чакаюць беларускіх прадуктаў харчавання / wsj.com
Мігранты чакаюць беларускіх прадуктаў харчавання / wsj.com

У сітуацыі з "мігранцкім дэсантам" беларуская дзяржпрапаганда актыўна прасоўвае наратыў "фашыстоўскай Еўропы". Маўляў, такія-сякія палякі, ніякай у іх літасці ў адносінах да тых, хто шукае прыстанішча.

Аднак і ў беларускім грамадстве да мігрантаў ставяцца неадназначна. Не ўсе лічаць, што людзі, якія кідаюць у польскіх памежнікаў камяні і ламаюць агароджу на дзяржаўнай мяжы, — гэта тыя, хто цярпіць бедства. Акрамя чыноўнікаў і праўладных СМІ, якія едуць на беларуска-польскую мяжу "па разнарадцы", Еўрарадыё не вядомыя выпадкі ўдзелу беларускіх прыватных валанцёрскіх ініцыятыў. Ці можна гэта растлумачыць неталерантнасцю, абыякавасцю беларусаў?

— Я б выкарыстаў іншую метафару. Да вас уварваліся ў дом без вашага запрашэння. Сказалі, што будуць жыць у вашым доме. Як вы будзеце дзейнічаць далей? — пытаецца прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук. — Гэта ж не госці па запрашэнні, гэта "госці", якія ўварваліся ў ваш дом. Напэўна, ваша рэакцыя на няпрошанага госця можа быць адназначная — паказаць госцю на дзверы.

— Гэтыя госці адкрыта выказваюць імкненне трапіць не ў Польшчу і не ў Літву, а ў Германію, — працягвае псіхолаг. — Калі вам хочацца паехаць у Германію, то звярніцеся ў адпаведную амбасаду або скарыстайцеся законнымі метадамі. Калі вы спрабуеце кудысьці пранікнуць незаконнымі метадамі, то вы цалкам натуральна выклікаеце такую рэакцыю.

Больш за тое, я, у свой час знаходзячыся ў Страсбургу ў якасці эксперта, назіраў паводзіны тых жа курдаў побач з Еўрапарламентам. Гэта намётавыя гарады і вельмі агрэсіўная рэакцыя на ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі. Гэта людзі вельмі няпростыя. Справіцца з гэтымі людзьмі няпроста, і абараняць сябе яны ўмеюць, паверце. Гэтай праблемы нам не хапала?

Почему мигранты не получили всенародного сочувствия в Беларуси?
Чалавек, які патрабуе прыстанішча, замахваецца рыдлёўкай на польскага вайскоўца і ламае агароджу на дзяржаўнай мяжы Польшчы / Еўрарадыё

У жніўні 2020 года беларусам была нанесеная калектыўная псіхалагічная рана, якая не можа зацягнуцца і дагэтуль. Мігранты, якія рвуцца на Захад праз Беларусь, — гэта яшчэ адзін "псіхалагічны парэз"?

— Гэта траўма з усімі далёкасяжнымі наступствамі, — перакананы Уладзімір Янчук. — Мы даведаліся пра яшчэ адну грань нашай сістэмы ўладкавання грамадства, калі без вашага ведама ў нейкіх сваіх мэтах прымаюцца непрадуманыя рашэнні, а мы з вамі сутыкаемся з наступствамі гэтых рашэнняў. А наступствы будуць вельмі цяжкія.

Траўматызм заключаецца яшчэ ва ўсведамленні бяссілля. У тым, што цябе ніхто не пытаецца, тваім меркаваннем ніхто не цікавіцца і цябе ўцягваюць у рознага роду авантуры. Гэта адбіваецца на тваіх умовах існавання і эканамічным дабрабыце. Мы глядзім на сітуацыю, якая не паляпшаецца, а пагаршаецца і пагаршаецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі