Чаму перад выбарамі 2015 года не растуць заробкі?

У чэрвені 2015 года заробак беларусаў вырас на 196 тысяч рублёў, але знізіўся на 25 долараў.

2001 год, Аляксандр Лукашэнка ідзе на выбары і абяцае сярэдні заробак у 100 долараў. У 2006 годзе з’явіўся вядомы ўсім беларусам лозунг “папяцьсот” – дасягнулі мы гэтага ўзроўню толькі перад самымі выбарамі ў снежні 2010 года. Але ў пачатку 2011 года самі памятаеце, што адбылося.

У канцы 2014 года сярэдні заробак па краіне дасягнуў больш за 600 долараў (611 у чэрвені), але ў снежні – абвал курса рубля, і сёння перад выбарамі маем толькі 450, а не 500, абяцаныя дзесяць гадоў таму. Зараз ужо ніхто і нічога не абяцае. І не спрабуе дагнаць гэтыя 500 долараў.

“Мы не можам падвышаць заробкі, і ад нас гэтага ніхто не патрабуе, дарэчы”, – кажа падчас звароту да Парламента і народа Лукашэнка. І заробкі перад выбарамі ніхто не падвышае.

“Зараз рэцэсія ў эканоміцы. Заробак – гэта адзін са складнікаў унутранага валавага прадукта, за апошнія 6 месяцаў ВУП знізіўся на 3,3%, і як вынік рэальны заробак знізіўся на 3%, а рэальныя даходы насельніцтва ўпалі на 5%.  Таму гэта ўсё не дазваляе павышаць заробак”, – кажа незалежны эканамічны аналітык Уладзімір Акуліч.

Перад выбарамі мінулых гадоў ВУП рос, і фінансы дазвалялі падвышаць заробкі. Зараз нават калі б было палітычнае рашэнне, то ў першую чаргу буйныя прадпрыемствы ў такім стане, што не могуць сабе дазволіць істотна павышаць заробкі, тлумачыць Уладзімір Акуліч.

“Чысты прыбытак вырас усяго на 2%, на 30% знізілася валютная выручка ў экспарцёраў, чвэрць прадпрыемстваў стратныя, і няма ў іх фінансавых рэсурсаў, каб павышаць заробак”.

Аляксандр Сабодзін, дырэктар афіцыйнага партнёра Альпары, не бачыць сувязі між падзеннем заробкаў і выбарамі.

“Ідзе запавольванне сусветнай эканомікі і Расіі, якая з’яўляецца нашым асноўным знешнегандлёвым партнёрам. Наша эканоміка арыентавана на экспарт, бо мы не можам самі ўжыць усё, што самі вырабляем. Таму заробкі проста не могуць паднімаць. Гэта чарговы віток спаду, але  я б не драматызаваў сітуацыю”.

Але ў любым выпадку гэта сітуацыя ў нечым унікальная. Упершыню перад выбарамі заробак не падымаюць і нават не абяцаюць. У доларах заробак зніжаецца, і цяпер у доларах мы маем амаль столькі ж, колькі перад выбарамі 2010 года. Але  гэта іншыя грошы, тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў, бо за 500 долараў цяпер можна набыць меней, чым на 500 долараў, напрыклад, 5-10 гадоў таму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі