Чаму выдавецтва для жанчын — гэта абсалютна нармальна?
Elizabeth / flickr.com
Беларусы пасварыліся з-за навіны пра тое, што нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч адкрывае ў Беларусі жаночае выдавецтва. Карэспандэнт Еўрарадыё Аляксей Карпека напісаў калонку пра тое, чаму такое выдавецтва сёння неабходна — у тым ліку і праславутым "белым цысгендарным мужчынам".
Зусім няма нічога дрэнна ў тым, што з'явіцца выдавецтва, спецыялізаванае на публікацыі кніг аўтараў-жанчын. На маю думку, гэта, наадварот, добра. Гэта абсалютна нармальная міжнародная практыка. Я спадзяюся, што такое выдавецтва дасць нам шмат добрых кніг.
І не варта адкідаць той момант, што да тэкстаў, якія напісалі жанчыны, усё яшчэ ставяцца прадузята. Да іх падыходзяць не так, як да мужчынскіх. І не здзіўлюся, калі такое стаўленне да гэтага часу захоўваецца ў пэўных еўрапейскіх і постсавецкіх рэгіёнах.
Ды вось хоць бы з асабістага досведу назіранняў. На тым жа журфаку, дзе ў сярэднім 90% навучэнцаў — студэнткі, раз-пораз сустракаліся выкладчыкі, што казалі, маўляў, кар'еру і журналістыку пакіньце нашым хлопчыкам, а вам галоўнае выйсці замуж удала. Дакладна такія ж гісторыі перыядычна я чую і пра філалагічны факультэт. І вядома, такога роду стэрэатыпы пераносяцца далей.
Прачытаў усё, што ёсць у адкрытым доступе пра адкрыццё "жаночага" выдавецтва. "Мужчыны — яны паўсюль, а творы жанчын выдаюцца вельмі мала. Калі адкрыць жаночае выдавецтва, то гэта паўплывае на ўпэўненасць жанчын-пісьменніц. На іх жаданне пісаць", — мяне гэта тлумачэнне ў прынцыпе задаволіла. Аднымі з першых кніг будуць зборнікі Яўгеніі Пфляўмбаум, Тані Скарынкінай і Евы Вежнавец. Я бачу ў гэтай выдавецкай палітыцы імкненне вярнуць і ўзмацніць жаночы голас у беларускай літаратуры.
Чаму такое выдавецтва — гэта добра?
У мінулым жанчын вельмі доўгі час не дапускалі да літаратуры і да мастацтва. Іх галасы практычна не былі чуваць. Іх і сёння не дапускаюць да многіх прафесій. Калі так можна выказацца, дык жанчыны вельмі доўгі час былі чымсьці накшталт "субалтэрнаў", групай, аб'яднанай па палавой прыкмеце, чые галасы адмаўляліся і заглушаліся, а іх ролі былі дакладна вызначаны.
Яшчэ ў часы імпрэсіяністаў (другая палова XIX — пачатак XX стагоддзяў) жанчын не дапускалі ў акадэмію прыгожых мастацтваў з-за таго, што ім не дазвалялася працаваць з голай натурай. Не кажучы ўжо пра літаратуру, куды жанчына магла трапіць, толькі маючы экстраардынарныя здольнасці. Або заступнікаў. Ці сур'ёзны капітал і дапамогу. Большасць жа таленавітых жанчын, якія мелі сур'ёзныя задаткі ў мастацтве і ў літаратуры, аказваліся ў ролях муз для мужчын-творцаў і малодшага абслуговага персаналу для "геніяў", даглядаючы мужчын і дзяцей. Пра гэта, дарэчы, добра напісана ў кнізе "Багема" Элізабет Уілсан.
Калі з'явіцца выдавецтва, якое будзе выдаваць жанчын, чые галасы мы б наўрад ці пачулі, чые галасы былі забытыя, то я не бачу ў гэтым выдавецтве ніякай дыскрымінацыі для мужчын. А калі хто-небудзь з пакрыўджаных "белых цысгендарных мужчын" пачынае прыводзіць аргумент: "А калі б з'явіліся выдавецтвы, куды не бяруць тэксты чорных, яўрэяў, геяў і жанчын, гэта таксама не было б дыскрымінацыяй?" — гэта відавочная падмена паняццяў.
Што да таго, што, маўляў, "гэта бізнес!" і трэба выдаваць і тых, хто за свае грошы хоча выдацца. Не ўсякае выдавецтва — бізнес. У дадзеным выпадку відавочна, што ні пра які бізнес гаворкі не ідзе, фінансавую стабільнасць выдавецтва забяспечыць набеліятка Святлана Алексіевіч. А ўся выдавецкая палітыка гаворыць пра тое, што гэта хутчэй грамадскі праект з пэўнымі мэтамі. І мэты гэтыя даволі ясныя.
Праблема ўсёй гэтай сітуацыі вакол жаночага выдавецтва Алексіевіч у тым, што навіна пра гэта была вельмі крыва пададзеная. Хоць нешта мне падказвае, што як бы яе ні падалі, пакрыўджаныя ўсё роўна б набеглі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.