Чаргінец: Дзякуючы акцыі, “Белавія” фактычна атрымала крэдыт ад пасажыраў
Даведка Еўрарадыё: Ігар Чаргінец — намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці, эксперт у падкамітэце па транспарце Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Еўрарадыё: З нагоды 20-годдзя авіякампаніі “Белавія” ладзіла акцыю, калі за 20 еўра плюс збор аэрапорта можна было набыць квіток на самалёт у любую краіну, куды лётае авіякампанія. Вядома, што ў продаж паступіла 114 тысяч квіткоў, але набылі беларусы толькі каля 40 тысяч. Ці можна лічыць акцыю паспяховай?
Ігар Чаргінец: Мы лічым акцыю паспяховай, хоць яна і не прайшла без памылак і збояў. Усе ведаюць, што акцыю планавалася праводзіць толькі адзін дзень, 5 сакавіка, але праз тэхнічныя праблемы, што ўзніклі адразу ў пачатку, мы яе працягнулі яшчэ на суткі. Усе 114 тысяч квіткоў, якія мы далі ў продаж, і не маглі прадацца. Рэч у тым, што квіткі былі на ўсе кірункі авіякампаніі, але не ўсе карысталіся аднолькавым поспехам. Да прыкладу, у Тэгеран выкупілі толькі некалькі квіткоў, і шмат “акцыйных” месцаў засталіся нераспрададзенымі. А вось такія кірункі, як Барселона і Ларнака карысталіся асаблівым попытам. Вы ж разумееце, што гэтыя рэйсы ў летні перыяд і так перагружаныя, таму туды далі мінімальную колькасць квіткоў. Але ў кожным выпадку акцыю мы лічым паспяховай найперш таму, што амаль 90% тых, хто набыў квіткі па акцыі, — гэта новыя ці спантанныя пасажыры. Людзі не збіраліся некуды ляцець, але дзякуючы акцыі яны знайшлі магчымасць павандраваць, адпачыць.
І для нас гэта не толькі новыя пасажыры, але і дадатковыя грошы. Не сакрэт, што ўсім авіякампаніям зімой дастаткова цяжка жыць: зімой яны звычайна трацяць грошы, якія зарабілі летам. Часцяком яшчэ і па крэдыты ў банк ідуць, каб перажыць зіму. Фактычна, мы атрымалі ад нашых пасажыраў крэдыт, і нам не давялося ісці ў банк. Дастаткова нядрэнны вынік.
Еўрарадыё: Тым не менш наколькі фінансава выгаднай была для кампаніі акцыя, калі квіток, які каштуе, да прыкладу, 100-150 еўра, прадавалі па 20 еўра?
Ігар Чаргінец: Мы ж шчыра папярэджвалі, што 20 еўра — гэта толькі тарыф. Ёсць жа яшчэ і зборы аэрапортаў. Але ж вы разумееце, гэта не той выпадак, калі мы маглі зарабіць 100 еўра, а зарабілі толькі 20. Гэта той варыянт, калі мы павялічылі колькасць пасажыраў на рэйсе і атрымалі дадатковыя грошы. У акцыі ніякіх стратаў для авіякампаніі не было — толькі дадатковыя пасажыры і дадатковыя грошы.
Еўрарадыё: Непрададзенымі засталіся больш за 70 тысяч квіткоў. Ці будзеце праводзіць дадатковую акцыю?
Ігар Чаргінец: Безумоўна, праводзіць новыя акцыі мы будзем, бо вопыт аказаўся станоўчым. Не буду казаць, што акцыі будуць зноў па 20 еўра на ўсе кірункі. Акцыі будуць у сваім фармаце мяняцца, але прынцып застанецца ранейшым: мы будзем прапаноўваць дастаткова танныя квіткі. Цяпер я заяўляць пра нейкія акцыі ў найбліжэйшы час не буду, але скажу, што яны будуць праводзіцца дастаткова рэгулярна. Адзначу, што такія акцыі ўсе авіякампаніі праводзяць у час, калі ім не вельмі добра, у перыяд падзення попыту і змяншэння выручкі. Таму чакаць акцый у пік перавозак, у чэрвені ці жніўні, не варта. Звычайна такія акцыі праводзяць у восеньска-зімовы перыяд. Але набыць квіток па акцыі можна будзе і на веснавы, і на летні перыяд. Больш за тое, некаторыя пасажыры цяпер набывалі сабе квіткі на снежань, а то і на студзень наступнага года.
Еўрарадыё: Праз тэхнічныя праблемы ўзнікла шмат непаразуменняў. Да прыкладу, злавіў і аплаціў чалавек сабе квіток у Прагу, але пацверджання, што квіток за ім, не атрымаў. Заходзіць на сайт наноў і набывае квіток на іншую дату. Але праз дзень даведваецца, што набыў два квіткі на розныя даты. Ці можа ён без стратаў адзін з іх здаць? І што рабіць тым, хто зрабіў памылку ў прозвішчы ці нумары пашпарту?
Ігар Чаргінец: Сапраўды, праз нашыя памылкі шмат людзей цяпер звяртаецца з такімі пытаннямі. І калі мы бачым, што сітуацыя такая, як вы апісалі, мы вяртаем усю суму. Што да памылак у напісанні, то тут праблем няма: трэба звярнуцца ў нашу групу падтрымкі, і памылкі выправяцца. І плаціць за гэта нічога не трэба.
Еўрарадыё: А можа такі ўдачлівы пакупнік з двума квіткамі перапісаць адзін са сваіх білетаў на некага іншага?
Ігар Чаргінец: Не, у такіх выпадках мы не ідзем насустрач і проста вяртаем грошы. Як і ў выпадку, калі да нас прыйдуць і скажуць: “Выпраўце памылку — памяняйце прозвішча Пятроў на Сідараў”.
Еўрарадыё: Якія яшчэ недарэчнасці даводзіцца выпраўляць праз тэхнічныя праблемы?
Ігар Чаргінец: Націснуў чалавек кнопку “купіць”, а адказ ішоў дастаткова доўга, і чалавек яшчэ раз, а то і два націскаў, і ў выніку з яго за адзін квіток грошы спісаліся двойчы ці тройчы. Усе лішнія грошы банкі ўжо вярнулі на карткі ўладальнікаў без аніякіх штрафаў ці іншых санкцый. Мы вырашылі гэтыя пытанні з нашымі банкамі.
Еўрарадыё: Вядома, што “Белавія” вяла перамовы з лоўкостам Fly Dubai наконт іх палётаў у Мінск, але днямі самалёт гэтай кампаніі пацярпеў катастрофу. Планы супрацоўніцтва менавіта з гэтай кампаніяй праз тую трагедыю, падчас якой загінула 62 пасажыры, не змяніліся?
Ігар Чаргінец: Нашы планы не змяніліся — гэта надзейная кампанія. Што адбылося ў Растове-на-Доне… Трэба глядзець на высновы камісіі па расследаванні, хто там вінаваты: надвор’е, пілот ці нешта іншае. Але кампанія добрая, і мы свае планы па камерцыйным узаемадзеянні з ёй не пераглядаем. Іншае пытанне, ці будзе яна лётаць у Мінск. Мы іх запрашаем, але рашэнне прымаць ім.
Еўрарадыё: Якімі яшчэ навінамі ад “Белавіі” падзеліцеся?
Ігар Чаргінец: Сёлета наш авіяпарк папоўніцца трыма новымі самалётамі “Боінг”. Пастаўляць іх пачнуць са жніўня. Самалёты абсалютна новыя, проста з завода, на 189 крэслаў. Самалёты вялікія, а гэта азначае, што квіткі будуць таннейшыя. І адначасова з прыбыццём першага самалёта, у сярэдзіне жніўня, мы плануем прэзентаваць наш новы брэнд. 19 чэрвеня мы адкрыем рэйс у Палангу. Гэта магчымасць для людзей, якія баяцца адпачываць у шэрагу пэўных краінаў, пераарыентавацца і наведаць Балтыку.
Фота Змітра Лукашука