Ці гатовы Пуцін задушыць пераварот у Беларусі, калі Лукашэнкі не стане

Расійскія танкі / "Известия"
Расійскія танкі / "Известия"

"Пуціну ўсё роўна, хто будзе прэзідэнтам Беларусі, галоўнае — каб улада заставалася прарасійскай", — кажа ваенны эксперт і заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Лявіеў. У інтэрв'ю Еўрарадыё спецыяліст адказвае на пытанне, ці гатовая Расія адправіць у Беларусь дадатковыя ўзброеныя сілы для ажыццяўлення перадачы ўлады, у выпадку калі Лукашэнка памрэ ці проста не здолее спраўляцца са сваімі паўнамоцтвамі, а беларусы вырашаць арганізаваць дзяржаўны пераварот.

Ці ёсць у прэзідэнта Расіі кандыдат на месца старога паплечніка і сябра? Хто дапаможа не дапусціць "Майдана" ў суседняй Беларусі?

Нагадаем, што зараз на палігонах нашай краіны знаходзяцца каля 2500 расіян. Днямі з Беларусі на ўкраінскі фронт былі адпраўленыя чарговыя вайсковыя часткі.

Готов ли Путин подавить переворот в Беларуси, если Лукашенко не станет
Руслан Лявіеў / "Настоящее время"

Руслан Лявіеў: Прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі мае ясную і зразумелую мэту. У Расіі банальна не стае на ўсіх палігонаў, вайсковых частак і іншага. У мінулым годзе абвесцілі частковую мабілізацыю. Неўзабаве пасля гэтага пачаўся восеньскі прызыў на тэрміновую службу. Інфраструктура расійскай арміі не была разлічаная на тое, каб адначасова ў нас былі і салдаты тэрміновай службы, якіх там пад некалькі сотняў тысяч чалавек, і мабілізаваныя, якіх больш за трыста тысяч. Таму спатрэбілася задзейнічаць Беларусь і яе інфраструктуру, куды накіравалі частку мабілізаваных, дзе яны праходзяць навучанне. Некаторыя з іх перыядычна накіроўваюць у бок Растоўскай, Белгародскай і Бранскай абласцей для далейшага ўдзелу ў так званай спецаперацыі.

Наколькі я магу назіраць за дзейнасцю Пуціна па ўсім свеце і асабліва ў дачыненні да суседніх краін, яму не гэтак прынцыпова важна, які канкрэтна чалавек будзе ва ўладзе ў Беларусі. Галоўнае, каб кіраўнік краіны быў партнёрам.

Успомнім, дарэчы, што адбылося ў дачыненні да Украіны. Пуціну не спадабалася, што пасля пратэстаў на Майдане новая ўлада стала антырасійскай. Таму яму і спатрэбілася анэксаваць Крым, распачаць вайну на Данбасе і гэтак далей.

Не думаю, што прысутнасць расійскіх войскаў звязаная з самаадчуваннем Аляксандра Лукашэнкі і нейкімі меркаванымі зменамі ва ўладзе Беларусі.

 

Расгвардыя для задушэння пратэстаў

Для задушэння пратэстаў і любых хваляванняў армія не падыходзіць, яна гэтаму не навучаная і не спецыялізуецца на гэтым. Для такога падыходзіць Расгвардыя, якая да таго ж зараз больш-менш вольная, таму што яе асабліва не задзейнічаюць у цяперашняй вайне (гэта значыць, на фронце ёсць асобныя яе падраздзяленні, але іх няшмат). У асноўным, Расгвардыя застаецца ў Расіі.

Калі ў 2020 годзе адбываліся пратэсты ў Беларусі, наша каманда асобна расследавала тое, як Расія якраз такі пачала перакідаць падраздзяленні Расгвардыі з розных рэгіёнаў, асабліва Ленінградскай і Маскоўскай абласцей, у бок мяжы з Беларуссю. Тады мы заўважылі, што на калонах тэхнікі Расгвардыі зафарбавалі ўсю сімволіку, якая паказвае на сувязь з Расіяй.

Готов ли Путин подавить переворот в Беларуси, если Лукашенко не станет
Расгвардыя / "Открытые медиа"

Гэта кажа пра тое, што ў выпадку неабходнасці Пуцін будзе гатовы ўвесці ў Беларусь у тым ліку Расгвардыю, абвясціўшы якую-небудзь асобную міратворчую аперацыю ці што-небудзь гэтага кшталту выключна для таго, каб ва ўладзе знаходзіўся прыдатны для яго чалавек, і гэта не абавязкова Лукашэнка. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Пуцін рыхтаваўся да гэтага яшчэ ў 2020 годзе, але тады беларускія спецслужбы далі рады сваімі сіламі.

 

Лукашэнка не здрадзіць

Ці можа здарыцца такое, што Лукашэнка пачне гуляць супраць Пуціна? Пакуль што нічога падобнага мы не заўважалі. Наадварот, кожны раз, калі адбываюцца нейкія інцыдэнты, ён актыўна падтрымлівае рыторыку свайго суседа і кажа пра пагрозы для краіны з боку Украіны, а таксама пра ўмацаванне сваёй мяжы. Ніякіх крокаў назад ці хаця б спробы прадставіць Беларусь зусім нейтральнай дзяржавай, маўляў, мы тут ні пры чым, не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі