Ці лягчэй зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты ў суседніх краінах?

Еўрарадыё пацікавілася, колькі подпісаў трэба сабраць прэтэндэнтам у прэзідэнты ў суседніх краінах. І наколькі жорстка там правяраюць іх сапраўднасць.

У Польшчы зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты прасцей. Па-першае, там пражывае ў 4 разы больш чалавек, а подпісаў сабраць трэба столькі ж, колькі ў Беларусі – 100 тысяч. І падпісацца грамадзяніну можна таксама хоць за ўсіх прэтэндэнтаў.

Па-другое, калі беларускі Цэнтрвыбаркам знаходзіць больш за 15% недакладных подпісаў, то прэтэндэнту адмаўляюць у рэгістрацыі. У Польшчы ж такой нормы няма. Там галоўнае, каб было 100 тысяч сапраўдных подпісаў.

"Як толькі Цэнтральная выбарчае камісія знаходзіць, што 100 тысяч сапраўдных подпісаў ёсць, то праверка іншых спыняецца. Ніякай падобнай нормы ні ў 20, ні ў 15% няма. Ці ёсць 100 тысяч сапраўдных, ці няма", – патлумачыў эксперт Дзяржаўнай выбарчай камісіі Лех Гайзлер (Lech Gaizler).

Па яго словах, звычайна сярод прадстаўленых подпісаў 10% несапраўдных. Напрыклад, пазначаны няправільны адрас альбо нумар дакумента, ці напісана неразборліва. Калі ж знаходзяцца подпісы фальшывыя, то бок падробленыя, то тады мусіць праводзіцца расследаванне і адбыцца суд. Праўда, такіх выпадкаў не было, адзначыў Лех Гайзлер.

У Літве нормы аб забракаваных подпісах таксама няма, кажа Ніёле Жемайтэне  (Nijolė Žemaitienė), старшыня аддзела на арганізацыі выбараў Вышэйшай выбарчай камісіі Літвы.

Ніёле Жемайтэне: "Заўсёды каля 20% подпісаў прызнаюцца несапраўднымі. Паводле закона, кандыдат мусіць прадставіць 20 тысяч сапраўдных подпісаў выбаршчыкаў".

Ва Ўкраіне збіраць подпісы зусім не трэба. Прэтэндэнты павінны толькі ўнесці залог у 2,5 мільёны грыўняў (больш за 300 тысяч долараў) на спецыяльны рахунак Выбарчай камісіі.

Грошы вернуць тым кандыдатам, якія трапяць у другі тур выбараў. Так, на апошніх выбарах Віктару Януковічу і Юліі Цімашэнке вярнулі залог, а іншым 16 кандыдатам – не. Яны пайшлі ў дзяржаўны бюджэт Украіны.

У Расіі норма недакладных подпісаў вельмі жорсткая – дапушчальная норма хібаў складае 5%. На папярэдніх выбарах 2008 года кандыдату ад апазіцыі Міхаілу Касьянаву ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі "з-за няправільна аформленых падпісных лістоў". Узровень хібнасці ў яго перавысіў 13%. Кандыдат назваў рашэнне ЦВК фарсам.

Паводле Федэральнага закона аб выбарах прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, у 140-мільённай краіне кандыдат мусіць назбіраць 2 мільёны подпісаў, прычым на адзін суб'ект федэрацыі павінна прыходзіцца не больш за 50 тысяч подпісаў.

Латвія – парламенцкая рэспубліка, там прэзідэнта абірае парламент краіны – Саэйма.


Заўвага: больш слушна глядзець суадносіны не да агульнай колькасці насельніцтва, але да колькасці выбарцаў. Разам з тым, узроставыя структуры грамадстваў Беларусі і суседніх краін адрозніваюцца не вельмі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі