Ці паляціць "Белавія" сёлета на расійскіх "Суперджэтах"?
"Суперджэт" расійскага авіяперавозчыка "Аэрафлот"
"Белавія", хутчэй за ўсё, не атрымае расійскіх самалётаў "Суперджэт" сёлета. Авіякампанія не значыцца сярод новых атрымальнікаў "Суперджэтаў" — прынамсі тых, пра якіх ужо абвешчана афіцыйна.
Увосень 2021 года ірландскія кампаніі ўвялі санкцыі ў дачыненні да "Белавія" і абавязалі вярнуць самалёты, узятыя ў лізінг. Сярод варыянтаў замены авіяэксперты называлі і расійскі "Суперджэт". Але сёлета флот беларускай авіякампаніі наўрад ці папоўніцца расійскімі самалётамі.
"Магчыма, наўмысна не згадваюць сярод новых кліентаў"
Усяго кампанія "Цывільныя самалёты Сухога" сёлета плануе перадаць заказчыкам 32 "Суперджэты".
Сярод новых атрымальнікаў "Суперджэтаў" сёлета заяўленыя расійская авіякампанія "Аўрора" і Федэральнае медыка-біялагічнае агенцтва. Ці можа "Белавія" з'явіцца ў спісе заказчыкаў пазней? Інфармаваная крыніца Еўрарадыё лічыць, што гэта наўрад ці магчыма.
— Самалёты ж не будуюць на склад: маўляў, зараз накляпаем як мага больш, заўтра пашукаем пакупнікоў. Іх робяць пад заказ, а ліст чакання можа расцягвацца на гады. На гэты год, як відаць, спіс заказчыкаў ужо агучаны. Магчыма, на наступны "Белавія" магла б заявіцца, і тады ў 2023-м ёй бы зрабілі самалёт-другі. Ну або калі сёлета раптам хто-небудзь з заказчыкаў адмовіцца. Такое таксама бывае.
Акрамя "Аўроры" і Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва, "Суперджэты" атрымаюць авіякампаніі "Расія", Red Wings і "Азімут". Тэарэтычна "Белавія" могуць спецыяльна не называць у ліку новых заказчыкаў.
— Вядома, што сёлета будзе пастаўлена 32 самалёты. З іх 23 пойдуць у Red Wings і "Расіі", а колькі з астатніх дзевяці бартоў астатнім тром заказчыкам, не гаворыцца. Магчыма, сюды таксама можа залезці "Белавія", а ў ліку новых кліентаў яе наўмысна не згадваюць, калі тыя папрасілі змаўчаць.
А акрамя таго, у кампаніі ёсць магчымасць павялічыць аб'ём вытворчасці.
— У ранейшыя некалькі гадоў самалётаў збіралі менш, чым плануюць сёлета. А вось за 2017-ы сабралі 33 "Суперджэты", гэта значыць зачын для мінімальнага пашырэння ёсць. Зноў жа, на гэты год запланавана паставіць 32 самалёты — але сюды могуць увайсці некалькі штук, сабраных летась, як гэта бывае звычайна.
Так, ніякай яснасці яшчэ няма. Але я схільны думаць, што сёлета "Суперджэтаў" у "Белавія" не будзе.
Нагадаем, што неба для "Белавія" па многіх напрамках застаецца закрытым. Калі б "Белавія" страціла самалёты ў 2019 годзе, то страта больш чым паловы парка стала б ударам па маршрутнай сетцы. Але асноўныя рынкавыя ўдары "Белавія" ўжо атрымала. Спачатку — ад каранавіруса. Потым — ад санкцый. Так што ці стане "Белавія" наогул набываць новыя самалёты ва ўмовах "урэзанай" маршрутнай сеткі, пакуль няясна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.