Ці зможа пуцінская Нацгвардыя праводзіць “міратворчыя місіі” ў Беларусі?
У Расіі падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае “магчымасць удзелу вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў міжнародных аперацыях па падтрыманні альбо аднаўленні міру і бяспекі”. Што гэта азначае для краін-суседак Расіі?
Па словах ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, пад магчымасцю ўдзелу ў міжнародных аперацыях маецца на ўвазе ўдзел Нацгвардыі ў розных міратворчых місіях. Але ўзяць і проста пасля падпісання адпаведнага ўказу накіраваць сваіх “гвардзейцаў” у суседнюю краіну з “міратворчай місіяй” Пуцін не зможа.
Аляксандр Алесін: “Ці мала каму хочацца накіраваць некуды свае міратворчыя войскі! Магчыма, Расія і хоча накіраваць на Данбас “міратворчы кантынгент”, але гэтага не хоча Украіна, і мяркую, што ні АДКБ, ні ААН мандата на правядзенне міратворчай місіі Расіі не дадуць”.
Сапраўды, каб накіраваць у нейкую краіну міратворчую місію, неабходна атрымаць адпаведны мандат ад Арганізацыі аб’яднаных нацый, дазвол на міратворчую місію пад эгідай Еўрасаюза, NATO ці АДКБ.
“Апроч таго, міратворчая місія немагчымая без згоды прымаючага боку, куды накіроўваецца міратворчы кантынгент. Да прыкладу, Лукашэнка пэўны час таму казаў, што Беларусь гатовая накіраваць свой кантынгент для раздзялення варожых бакоў на Данбасе, а Украіна не пагадзілася і ўсё”, — разважае Алесін.
Па словах эксперта, міратворчыя місіі могуць выконваць розныя задачы. Ёсць гуманітарная місія па абслугоўванні параненых, уцекачоў і гэтак далей. Там, безумоўна, больш патрэбныя медыкі і псіхолагі, але і без аховы супрацоўнікаў місіі не абысціся. Яшчэ ёсць місіі па раз’яднанні бакоў, місіі паліцэйскія і тыя, што аб’ядноўваюць усе пералічаныя элементы. Падчас “раз’яднальнай” місіі міратворчыя войскі становяцца паміж ваюючымі бакамі і маюць права на прымяненне зброі ў якасці самаабароны, калі на іх нападуць. Паліцэйская місія — дапамога мясцовым уладам змагацца з крыміналам і падтрымліваць грамадскі парадак.
“Усім гэтым пунктам прымяненне расійскай Нацгвардыі ў міратворчых місіях не супярэчыць. Бо калі ўзяць міратворчы кантынгент АДКБ і Калектыўныя сілы аператыўнага разгортвання, то Беларусь у выпадку неабходнасці можа накіраваць туды як брыгаду армейскага спецназа, так і брыгаду спецназа МУС. І плюс сілы для паліцэйскіх аперацый. Таму нічога незвычайнага ў рашэнні Пуціна няма”, — упэўнены беларускі эксперт.
І выказвае меркаванне, што найперш задзейнічаць “міратворцаў” з Нацгвардыі Пуцін (а менавіта яму Нацгвардыя наўпрост і падпарадкоўваецца) будзе для “правядзення міратворчых аперацый у Цэнтральнай Азіі: у выпадку ўзнікнення канфлікту паміж, да прыкладу, Таджыкістанам і Узбекістанам ці Кіргізіяй і тым жа Таджыкістанам”.
“Найхутчэй яны будуць “заточаныя” для аперацый там. Нікуды далёка іх накіроўваць не будуць”, — дадае Алесін.
Праўда, і Беларусь ад Расіі недалёка. Суразмоўца Еўрарадыё нагадвае пра абавязковыя ўмовы: мандат ААН ці АДКБ і згода “прымаючага боку”. Але ці складана іх будзе атрымаць для правядзення той жа “паліцэйскай міратворчай місіі” ў Беларусі ў выпадку ўзнікнення шырокіх грамадскіх хваляванняў?