Да чаго рыхтавацца беларусам пасля слоў Лукашэнкі пра “самы цяжкі 2016 год”

Да чаго рыхтавацца беларусам пасля слоў Лукашэнкі пра “самы цяжкі 2016 год”

Эксперты расказваюць, што стаіць за словамі кіраўніка краіны і што чакае эканоміку ў наступным годзе.

 

22 снежня кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка робіць чарговыя прызначэнні ў вертыкалі. І раптам выдае прагноз на новы, 2016-ты год. Вельмі непрыемны:

"Наступны год будзе вельмі складаным, наважуся заўважыць, што такога года ў гісторыі нашай краіны не было… Нам трэба проста выстаяць”, — палохае Лукашэнка.

Ці варта палохацца? Палітолаг Андрэй Ягораў кажа, што выказванні кіраўніка краіны даўно не хоча каментаваць. Але тое, што ў 2016-м беларусам будзе зусім нясоладка, Ягораў прызнае. Справа ў эканоміцы. А таксама ў тым, што перамены да лепшага знаходзяцца зусім не ў руках міністраў. Урад, нават жадаючы праводзіць рэформы, не можа гэтага зрабіць.

“У прынцыпе, той урад, які сёння ёсць, ён больш рэформаарыентаваны і больш эканамічна граматны, чым ранейшыя. Але тыя праблемы, якія стаяць перад ім, яны настолькі складаныя, што без палітычнай волі, якой гэты ўрад не валодае, нельга рухацца да эканамічных рэформаў. Нельга сказаць, што ўрад не хоча рэформаў. Проста не ён вырашае, быць ім альбо не”, — мяркуе Ягораў.

Да чаго рыхтавацца беларусам пасля слоў Лукашэнкі пра “самы цяжкі 2016 год”

Лукашэнка расказаў, што будзе ў 2016 годзе

2016 год, па словах Аляксандра Лукашэнкі, будзе складаным, як ніколі не было ў гісторыі нашай краіны. Пра гэта ён заявіў 22 снежня падчас разгляду кадравых пытанняў.

Старшы аналітык “Альпары”, эканаміст Вадзім Іосуб прагназуе, што ў 2016-м можа працягнуцца дэвальвацыя рубля, застанецца інфляцыя. Аднак не гэтыя з’явы стануць самымі страшнымі для шараговых беларусаў:

“Падвоху, хутчэй за ўсё, варта чакаць з іншага боку. Падзенне заробкаў у рэальным выражэнні. Заробкі калі і будуць індэксавацца, то марудней у параўнанні з інфляцыяй. Хутчэй за ўсё, будзе рост беспрацоў’я. Нават можна чакаць поўнага закрыцця асобных прадпрыемстваў”, — кажа Іосуб.

Палітолаг Андрэй Казакевіч кажа, што Беларусь насамрэч трапіла ў няпростую сітуацыю, якую можна параўноўваць з канцом 90-х. Тады абваліўся расійскі рынак, які пацягнуў за сабой беларускі. Таму варта рыхтавацца да горшага:

“Рыхтавацца, відавочна, трэба. Цяжка сказаць, ці будзе гэта сапраўды самы цяжкі год. Але тое, што праблем хапае, перш за ўсё эканамічных, гэта праўда. І зусім незразумела, якім чынам шукаць рэсурсы для выпраўлення сітуацыі”, — кажа Казакевіч.

Ён дадае, што крызіс 2015 года для Беларусі нашмат больш глыбокі, чым дэвальвацыі папярэдніх гадоў. Таму некаторы сэнс у словах Лукашэнкі заўважыць можна. На думку палітолага, беларускія ўлады сёлета насамрэч не зусім разумеюць, што рабіць:

“Няма альтэрнатывы. Можна сказаць, што Беларусь будзе пераарыентоўвацца на супрацоўніцтва з Кітаем і Еўрасаюзам. Але відавочна, што і там эканамічная сітуацыя не настолькі добрая, каб стаць нам альтэрнатывай”.

Самае цікавае ў такой сітуацыі, ці не прыйдзе за “самым складаным” 2016-м не менш цяжкі 2017-ты. Відавочна, што ад Беларусі залежыць няшмат. Але цярпець беларусы прывыклі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі