"Дата генератар": 21 красавіка — дзень смерці князя Усяслава "Чарадзея"
У межах праграмы “Дата генератар” мы ўжо расказвалі пра князя Усяслава — пра пашырэнне ім Полацкай дзяржавы і пра бітву на Нямізе ў сакавіку 1067 года. А сёння пагаворым пра то, чаму яго звалі “чарадзеем”.
Сафійскі сабор у Полацку быў адной з першых камяніц на тэрыторыі нашай краіны. Пабудова сабораў з цэглы ў старажытнасці каштавала вельмі дорага і займала дзясяткі гадоў. Да будаўніцтва самога будынка трэба дадаць час і грошы, неабходныя на пакрыццё сямі купалаў і крыжоў ліставым золатам, размалёўку памяшканняў фрэскамі і стварэнне абразоў.
Святую Сафію асвяцілі ў 1060 годзе, а Усяслаў сеў на княжы пасад у 1044-м, ва ўзросце 15 гадоў. Гэта азначае, што будаўніцтва сабора пачаў яго бацька Брачыслаў, а ён працягнуў і завяршыў.
Праваслаўныя аўтары выстаўляюць гэты факт як доказ глыбокай прыхільнасці полацкага князя хрысціянству. А як тады ставіцца да таго, што і ў кіеўскіх былінах, і ў “Слове пра паход Ігараў” ён паказаны вешчуном (паганскім жрацом), чарадзеем (ведзьмаком) і ваўкалакам (пярэваратнем)? А так, што не трэба выдаваць жаданае за сапраўднае.
Гісторыкам вядома, што на землях Усходняй Еўропы навяртанне плямёнаў у хрысціянства пачалі місіянеры-адзіночкі ў VIII стагоддзі, і гэты працэс заняў не менш за пяць стагоддзяў. Напрыклад, хрышчэнне Кіева пры князю Уладзіміру Святаславічу было не першае, а пятае па ліку. Хрысціянства павольна распаўсюджвалася праз купцоў і варагаў-хрысціян, але яшчэ вельмі доўга не аказвала сур'ёзнага ўплыву на мясцовае насельніцтва. На землях Полаччыны колькасць хрысціян перасягнула лік паганцаў толькі пад канец XIII стагоддзя. А Усяслаў жыў у XI стагоддзі.
Успомнім, што пры яго нараджэнні менавіта вешчуны выканалі неабходныя паганскія рытуалы. І сам Усяслаў сумяшчаў ролю палітычнага і ваеннага правадыра полацкіх крывічоў з роллю вярхоўнага жраца.
Паступова хрысціянства станавілася ўсё мацнейшым, а паганства згасала. Якія доказы? На землях Полацкай Крывіі, што склалася ў IX стагоддзі, хрысціянства існавала адначасова з паганскімі вераваннямі прыкладна 500 гадоў. Вось доказы:
— у адрозненне ад земляў Наўгародскай феадальнай рэспублікі, Уладзіміра-Суздальскага і шэрагу іншых княстваў на Полаччыне ў XI–XIII стагоддзях не было выступленняў насельніцтва супраць хрысціян;
— археолагі выявілі вялікую колькасць свяцілішчаў ды іншых культавых аб'ектаў паганцаў перыяду XI–XIII стагоддзяў;
— з амаль 300 персон XI–XIII стагоддзяў, кананізаваных Рускай праваслаўнай царквой, толькі трое маюць дачыненне да земляў Полацкага княства;
— матэрыялы фальклору XIX — пачатку ХХ стагоддзя.
А як жа Полацкая Сафія? А так, што сучаснікі ўспрымалі яе (падобна да Наўгародскай і Кіеўскай) у якасці знака незалежнасці і велічы дзяржавы, а не як прыкмету ўсеагульнага прыняцця хрысціянства. У гэтай сувязі трэба сказаць, што дагэтуль гісторыкі нічога не ведаюць пра іншыя хрысціянскія храмы XI стагоддзя ў Полацку. А сярод пяці імёнаў будаўнікоў святой Сафіі тры імі — паганскія.
І нават аўтар артыкула пра Усяслава ў “Праваслаўнай энцыклапедыі” змушаны быў адзначыць, што "ў легендах пра яго чарадзейскія здольнасці сімвалічна адбілася нетрывалае становішча хрысціянства на Русі ў XI стагоддзі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.