Дэпутаты тлумачаць, чаму прыбралі льготу на транспартны падатак для пенсіянераў

Дэпутаты тлумачаць, чаму прыбралі льготу на транспартны падатак для пенсіянераў

З надыходам 2016-га года ў Беларусі адмяняюць паўтара дзясятка падатковых ільгот. Адна з якіх, 50% зніжка на транспартны падатак для пенсіянераў, была ўведзеная толькі летась.

Член пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, дэпутат Уладзімір Шыцько сцвярджае, што далёка не ўсе яго калегі першапачаткова падтрымалі адмену льготы.

“Спрабавалі пераканаць Мінфін, што калі льгота для пенсіянераў уведзеная, можа быць, не варта яе адмяняць. Але Мінфін у сваю чаргу пераконваў, што сітуацыя складаная і трэба для ўсіх усталяваць аднолькавую стаўку пошліны”.

Дэпутаты тлумачаць, чаму прыбралі льготу на транспартны падатак для пенсіянераў

З 1 студзеня пенсіянеры, праходзячы тэхагляд на машыне вагой ад 1,5 да 2 тон будуць плаціць дзяржаве шэсць базавых велічынь транспартнай пошліны. З новага года базавая павялічылася да 210 000 рублёў, адпаведна, выплата за адзін год будзе 1260000. Але калі аўто маладзейшае за дзесяць гадоў, то плаціць давядзецца адразу за два гады — то бок 2520000 рублёў. Тым часам, сярэдняя пенсія ў Беларусі блізкая да усяго 3 мільёнаў рублёў. 

Дэпутат Зінаіда Мандроўская таксама не была ў захапленні ад адмены льготы для пенсіянераў. Паводле яе слоў, ва ўрадзе таксама не было адзінадушнага погляду на праблему.

“Асабіста я і яшчэ адна дэпутат на нулявым чытанні ў авальнай зале задавалі праблемныя пытанні Кабякову (прэм’ер-міністру, — Еўрарадыё) і Амарыну (міністру фінансаў, — Еўрарадыё). Яны, у прынцыпе, амаль пагадзіліся, што гэтая мера непапулярная, таму што пенсіі невысокія. Па-другое, адмена льготы прынясе не такія ўжо і высокія прыбыткі. Сам па сабе транспартны падатак абавязкова патрэбны, інакш не будзе, за што ўтрымліваць дарогі. Але пенсіянеры, на маю думку, ездзяць менш за іншых. Да другога чытання сітуацыю яшчэ раз прааналізавалі. Урад, які адказвае за фінансаванне разнастайных праграм, і прэзідэнт разглядалі нашу папраўку па дадзеным падатку. Калі гэтую папраўку разгледзелі з усімі зацікаўленымі бакамі, яна не прайшла ў сувязі са складанай фінансавай сітуацыяй”, — тлумачыць Зінаіда Мандроўская.

Парламентарый перакананая, што праблему разгледзелі з усіх бакоў. Аднак на канчатковае вырашэнне паўплывалі аргументы, што ў Беларусі невысокі пенсійны ўзрост і больш за 25% пенсіянераў працуюць. Тым, хто не працуе, пакінуць льготу складана з-за неабходнасці прадастаўляць даведкі і іншых бюракратычных прычын. Да таго ж, многія маладзейшыя дэпутаты, якія выхоўваюць дзяцей, выказвалі меркаванне, што па дадзеным пытанні “да ўсіх катэгорый грамадзян трэба падыходзіць аднолькава”.

Дэпутаты тлумачаць, чаму прыбралі льготу на транспартны падатак для пенсіянераў

"Мы адстойвалі гэтую льготу, але ўрад не пагадзіўся, бо 60 гадоў — такі ўзрост, калі яшчэ ўсе працуюць і ездзяць на аўтамабілях, — тлумачыць дэпутат пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Наталля Гуйвік. — Напэўна, урад падлічыў, што праз гэтыя ільготы дзяржава сапраўды шмат грошай згубіла… Сапраўды, многія пенсіянеры ў нас працуюць, палова парламента, напэўна, карысталася гэтай ільготай… Але, улічваючы складаную фінансавую і эканамічную сітуацыю ў краіне, трэба, напэўна, з разуменнем да ўсяго гэтага ставіцца! Жыццё ж, на жаль, складаецца з чорных і белыхі палос”.

Складана не пагадзіцца! Але, ці вінаватыя пенсіянеры ў тым, што ім даводзіцца працаваць і пасля 60 гадоў?

Еўрарадыё прыгадала, як 26 красавіка 2015-га года падчас візіту ў горад Слаўгарад Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка меў спантанную размову з мясцовым ветэранам вайны і сябрам БНФ, 89-гадовым Феліксам Шкірманковым. Ветэран просіць кіраўніка краіны адмяніць “транспартны падатак” хоць бы для ветэранаў, сярод якіх адзінкі дагэтуль ездзяць за стрыном. Аляксандр Рыгоравіч паабяцаў зрабіць гэта да 9-га траўня, калі святкаваліся 70-я ўгодкі перамогі ў Вялікай Айчыннай Вайне. Тады Фелікс Шкірманкоў з сарказмам успрыняў абяцанне, маўляў, паглядзім, што значыць слова прэзідэнта і як яно будзе.

“Ну во і праверыў! Ну як мне да гэтага ставіцца? Як я магу паважаць гэтага чалавека, калі ён так робіць? Працягваць нечага дамагацца — бессэнсоўна. Але ездзіць я працягну, бо без аўтамабіля я ўжо не магу, мне цяжка хадзіць. Акурат цяпер збіраюся ў краму за малаком, хлебам… дайсці я ўжо не змагу, таму паеду”, — разважае ветэран.

Ветэран дае Лукашэнку тыдзень на выкананне свайго абяцанку

Пра адмену ільготы для пенсіянераў Фелікс Шкірманкоў даведаўся ад Еўрарадыё, бо ў дзяржаўных СМІ пра гэта сціпла прамаўчалі. А вось напрыканцы 2014-га года, калі зніжку ў 50% на транспартны падатак уводзілі, пра гэта вяшчалі з кожнага праса.

Што праўда, Фелікса Шкірманкова адмена льгот не кранае, бо ветэранам вайны іх усё ж пакінулі. Відаць, падлічылі, што для дзяржавы гэта невялікія страты, колькі тых ветэранаў здольныя сесці за стырно. Але, каб даведацца пра гэта, давялося рупліва прачытаць 123-старонкавы дакумент пра ўнясенне паправак у Падатковы Кодэкс. Дарэчы, калі верыць сайту Палаты прадстаўнікоў, дэпутаты яго прынялі цягам адных сутак, без паправак. А з ім і яшчэ тры дакументы разам з бюджэтам краіны на 2016 год. 

Бюджэт-2016 за 50 хвілін і чатыры пытанні ад двух дэпутатаў

Фота ask.com, bizlida.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі