Допыты на мяжы Беларусі: хто і чаму трапляе на "гутарку" з сілавікамі
За што могуць выклікаць на "гутарку"?
Беларусы, якія прыязджаюць з заходніх краін дадому, нярэдка сутыкаюцца з праверкамі, допытамі з боку памежнікаў і супрацоўнікаў КДБ.
На "гутарку" могуць забраць нават іншаземцаў. Пры гэтым некаторых людзей затрымліваюць і прыцягваюць да адказнасці па адміністрацыйных або крымінальных артыкулах.
Еўрарадыё расказвае, чаму вас могуць выклікаць на "гутарку" на пункце пропуску і чаму перасячэнне мяжы не азначае, што сілавікі не захочуць з вамі пагаварыць.
Калі вы знаходзіцеся ў базе "Беспарадкі"
Самая папулярная прычына, чаму могуць выклікаць на гутарку — гэта калі беларуса раней затрымлівалі і судзілі па "палітычных" артыкулах.
Часцей за ўсё ў такіх людзей могуць нешта спытаць і абсалютна кожны раз правяраюць тэлефон: мэсенджары, галерэю (прычым цалкам, нават выдаленыя фатаграфіі), "воблака", спісы кантактаў, перапісваюць нумары IMEI.
У асноўным у людзей пытаюць пра прычыны ад'езду, аб працы за мяжой, легалізацыі, ці ўдзельнічае чалавек у палітычных акцыях, могуць цікавіцца стаўленнем да УСУ і палка Каліноўскага.
Акрамя таго, могуць правяраць, ці рабіў чалавек данаты ў падтрымку беларускіх фондаў падчас падзей 2020 года. Калі сілавікі выяўляюць такія пераводы, яны патрабуюць кампенсацыі ў некалькі соцень разоў большай за суму даната.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.