"Дзіця даводзіцца распранаць да трусоў!" Што рабіць, калі ў дзіцячым садзе +29?
Фота БелТА
У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуліся адразу некалькі бацькоў: у дзіцячых садах, куды ходзяць іх дзеці, у некаторых групах тэмпература паветра даходзіць да +29. Па санітарных нормах, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя, яна не павінна перавышаць +23. Загадчыкі дзіцячых садоў альбо адмаўляюць наяўнасць праблемы, альбо маюць тлумачэнне, а гарадскія ўлады адназначна заяўляюць: парушэнняў быць не павінна. Еўрарадыё разабралася, што рабіць, калі тэмпература ў дзіцячым садзе, як у тропіках.
У мінчанкі Ганны (імя гераіні змененае) дачка ходзіць у дзіцячы сад №61. Па словах Ганны, у лістападзе тэмпература ў групе падымалася да +32.
"Дзіця даводзіцца распранаць літаральна да трусікаў, таму што вельмі горача. Паветра сухое, дзеці кашляюць. А перад прагулкай, пакуль адна выхавальніца усіх апране, дзеці змакрэюць, і ў такім стане ідуць на вуліцу. Цяпер стала лепш — +28, але ўсё роўна вельмі горача", — непакоіцца дзяўчына.
"Горача? Ніколі такога не было. Прыязджайце, правяду, пакажу"
Аднак начальства дзіцячага сада сцвярджае, што з тэмпературай усё ў парадку.
"Гэта як? Што, вельмі горача ў групах? Я праверу зараз яшчэ раз, але не было такога, я вам дакладна кажу, — запэўнівае загадчыца дзіцячага садка. — У нас знешнія датчыкі, ёсць магчымасць рэгуляваць у залежнасці ад знешняй тэмпературы. Давайце я зараз праверу".
Праз некаторы час мы ператэлефанавалі ў дзіцячы садок. Загадчыца упэўненым голасам кажа, што праблемы няма і што, наадварот, часта бацькі баяцца, што ў садзе холадна. Пра "горача" яна чуе ўпершыню.
"Гэта сапраўды пра наш садок? Я так здзівілася вашаму пытанню! Абышлі ўсе групы з намеснікам па гаспадарчай рабоце. Максімум +24. Я лічу, што гэта не падстава скардзіцца. +24, +23, +22, +24, +23, +23, — пералічвае тэмпературу ў групах загадчыца. — Дзесяць груп, усе памяшканні з градуснікамі. У санітарных нормах і правілах — + 22-23. Я лічу, што +24 — гэта не падстава распранаць дзяцей і скардзіцца на гарачыню. Усе баяцца: "А ці не холадна ў садку?". Тлумачу — не. [Дзеці носяць] гольфікі, шкарпэткі, шорцікі. Цалкам сабе нармальная, камфортная тэмпература. Але пра горача... ніколі такога не было. Прыязджайце, правяду, пакажу".
"З гарачынёй сутыкаюцца толькі дзеці ў яслях, праз год яны пераходзяць у іншыя групы"
У мінчанкі Ксеніі дзіця ходзіць у іншы дзіцячы сад — №399. Кіраўніцтва разводзіць рукамі: зрабіць нічога нельга, тэмпература не рэгулюецца кранамі.
"У нас у яслях 29 градусаў. Такая праблема існуе толькі ў ясельнай групе, якая першая па падачы цяпла ў садзе, таму з ёй сутыкаюцца толькі двух і трохгадовыя дзеці, якія праводзяць адзін год у яслях. У наступным годзе яны пераходзяць у іншыя групы, дзе цёпла, але няма такой спёкі. Калі зрабіць халадней у нас, то ў іншых групах стане холадна", — распавядае Ксенія.
Ксенія апранае дзіця ў лёгкую футболку і шорты, але гэта не дапамагае.
"Выхавальнікі са свайго боку робяць усё магчымае, напрыклад, праветрываюць і актыўна пояць дзяцей вадой, так што да іх пытанняў няма", — кажа яна.
Загадчыца дзіцячага сада ў размове з Еўрарадыё праблемы не хавае: у яслях сапраўды горача.
"Не, ну, разумееце, як... Ну, горача, але перыядычна жа праветрываюць. Вядома, мы неяк будзем вырашаць гэтае пытанне з кіраўніцтвам. На сённяшні дзень гэта першая група, якая ідзе на падачу [цяпла]. Самастойна мы не можам рэгуляваць, разумееце? Я тады астатніх дзяцей замарожу. Я думаю, можа быць, мы з кіраўніцтвам [адукацыі раёна] звяжамся, будзем рэгуляваць гэтае пытанне".
Мінгарвыканкам: "кранік" абсалютна ні пры чым, у дзiцячы садок ўжо выехалі спецыялісты
Тэмпературныя нормы для дзіцячых садоў і ясляў прапісаныя ў "Гігіенічных патрабаваннях да арганізацыі, утрыманні і рэжыму дзейнасці ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі", якія зацверджаныя Міністэрствам аховы здароўя. Максімум для любога памяшкання дзіцячага сада — +23 градуса. У пакоі, дзе гуляюць дзеці, устаноўленая норма — ад +21 да +23 градусаў, у залах для спартыўных і музычных заняткаў — + 18-20.
Каб разабрацца ў сітуацыі, мы патэлефанавалі ў камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Начальнік аддзела тэхнічнага нагляду за капітальным і бягучым рамонтам аб'ектаў адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ірына Бугакова паабяцала Еўрарадыё вырашыць праблему ў бліжэйшы час:
"Кранік [адна з загадчыч сцвярджала, што тэмпературу нельга рэгуляваць самастойна. — Еўрарадыё] абсалютна ні пры чым, там іншая сітуацыя. Хтосьці паскардзіўся [загадчыцы], што холадна. Увогуле, гэта чыста тэхнічныя пытанні. Мы цяпер усё прывядзём ў адпаведнасць, абслугоўваючая арганізацыя ўжо выехала. Загадчыца напіша, хто даў ёй права так паступаць".
Калі хто-небудзь з бацькоў сутыкнецца з падобнай сітуацыяй, Ірына Бугакова раіць звяртацца ў раённае ўпраўленне адукацыі або адразу ў камітэт адукацыі Мінгарвыканкама.