Былы прарэктар: ЕГУ становіцца ўсё менш беларускім і ўсё больш літоўскім
За два гады з чатырох беларусаў — кіраўнікоў дэпартаментаў, засталіся толькі два. Астатніх замянілі літоўцы.
“Ён можа быць альбо беларускім універсітэтам, альбо літоўскім універсітэтам для Беларусаў. І ЕГУ ўсё менш становіцца беларускім, а ўсё больш літоўскім. Верагодна, абраная такая стратэгія”, — мяркуе былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Уладзімір Дунаеў.
Пры гэтым прызнаецца, што апошнім часам за ўнутранымі справамі ЕГУ сочыць менш пільна — хапае іншых спраў. Еўрарадыё вырашыла звярнуцца непасрэдна ва ўніверсітэт, каб атрымаць звесткі пра тое, хто ўзначальвае дэпартаменты цяпер, і хто ўзначальваў іх некаторы час таму. Адказ сакратарка рыхтавала некалькі дзён і паведаміла ў выніку, што цяпер у ЕГУ чатыры акадэмічныя дэпартаменты (факультэты) — медыя, права, гісторыі, сацыяльных і палітычных навук. Першы ўжо даўно ўзначальвае Альміра Усманава, Дэпартаментам права кіруе Алег Брэскі. А вось два іншыя факультэты з нядаўняга часу ўзначальваюць літоўцы. Гістарычны — Юстына Пашкене, а Дэпартамент сацыяльных і палітычных навук — Віргініюс Валенцінавічус. Літуанізацыя відавочная. Прызнае гэта і кіраўнік Сената ЕГУ Павел Церашковіч. Ён гаворыць, што колькасць літоўцаў у адміністрацыі ЕГУ пастаянна расце.
“Пытанне ў тым, што ўкладваць у паняцці “беларускі” і ”літоўскі”. Калі гаворка пра змест выкладання, то ЕГУ пакуль беларускі. Калі ж пра грамадзянства кіраўнікоў універсітэта, то ёсць тэндэнцыя — колькасць грамадзян Літвы ў адміністрацыі ЕГУ пастаянна расце”.
Па словах Церашковіча, у гэтым працэсе ёсць і натуральны складнік. Літоўскія супрацоўнікі адміністрацыі ЕГУ пастаянна жывуць у Вільні, таму ім прасцей працаваць на сваіх пасадах. Іншая справа — уплыў на змест навучальнага працэсу. З гэтым ужо ёсць пэўныя праблемы, прызнае кіраўнік Сената. Церашковіч кажа, што ЕГУ — гэта пэўная акадэмічная супольнасць, якая складвалася працяглы час. І значныя змены ў ёй не толькі могуць кардынальна змяніць аблічча ўніверсітэта, але і пазбавіць яго фінансавых сродкаў. Маўляў, донары гатовыя падтрымліваць менавіта беларускі ўніверсітэт у выгнанні, а не беларускіх студэнтаў за мяжой.
“Шмат якія донары, якія падтрымліваюць універсітэт, гавораць, што падтрымліваюць нас менавіта таму, што гэта не проста падтрымка беларускіх студэнтаў. Для гэтага ёсць праграма Каліноўскага, напрыклад. У нашым выпадку гэтая падтрымка той акадэмічнай супольнасці, якая склалася”.
Тым часам у адміністрацыі ЕГУ запэўніваюць, што “пры прыёме на працу ў ЕГУ кандыдаты не дыскрымінуюцца па прыкметах нацыянальнасці, расы, пола, рэлігіі, узросту альбо інваліднасці”.
Чытайце таксама Выпускнік ЕГУ: “Набяруся тут вопыту і вярнуся ў Літву”