Эксперт: Расія не дала Мінску крэдыт на самалёты і зараз змяшчае тут свае

У нядзелю, 8 снежня, у Беларусь прыляцелі першыя чатыры расійскія знішчальнікі Су-27. Базіравацца разам з расійскімі тэхнічнымі службамі будуць у Баранавічах. Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін гаворыць, што гэта аналаг натаўскіх патрулёў над Прыбалтыкай.

“Гэта поўны аналаг таго, што адбываецца на авіяцыйнай базе ў Шаўляі, дзе на ратацыйнай аснове дзяжурыць звяно натаўскіх знішчальнікаў. Праўда, там яны змяняюцца, розныя краіны. Я думаю, гэта пакуль запаўненне часовага прамежку паміж рэальным стварэннем расійскай вайсковай базы ў Беларусі”, — мяркуе Алесін.

Расійская авіябаза павінна з’явіцца ў нашай краіне ў 2015 годзе. Спецыялісты мяркуюць, што такі заўчасны прылёт расійскіх знішчальнікаў у Беларусь звязаны з рашэннем нашага Мінабароны спісаць усе свае цяжкія знішчальнікі Су-27. Аб гэтым беларускія вайскоўцы заявілі яшчэ год таму. Усе беларускія самалёты маюць вялікае савецкае мінулае і проста састарэлі. З больш новых — толькі вучэбныя чэшскія L-39. Праўда, у справу ўлез кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Наведваючы авіяцыйную частку, ён раптам заявіў пра магчымасць пакінуць Су-27 у Вайскова-паветраных сілах Беларусі.

“Зыходзячы з вопыту войнаў на арабскай дузе, нам не трэба спяшацца і выводзіць з сістэмы абароны нашай дзяржавы нейкія віды тэхнікі… Нам трэба падумаць, захаваць гэтыя самалёты на нейкі пагражальны перыяд, як бы гэта дорага ні было”, — паведаміў Лукашэнка.

Гаворачы пра арабскую дугу, Лукашэнка, відавочна, мае на ўвазе падзеі ў Лівіі і іншых паўночнаафрыканскіх краінах. Немалаважны тут і палітычны фактар — саюзнік з цяжкімі знішчальнікамі ў вачах Расіі мае больш вагі, чым без іх. Тым больш што ў 2015 годзе Расія хоча перагнаць у Беларусь менавіта Су-27СМ3, адну з самых сучасных мадыфікацый гэтага самалёта. Цымус усёй гісторыі ў тым, што цяжкія знішчальнікі у Беларусі больш патрэбныя Расіі, чым нам. Мінску для абароны дастаткова і МіГ-29, а вось каб абараніць ад тэарэтычнай паветранай атакі Маскву — неабходныя менавіта цяжкія знішчальнікі.

“Уся справа ў тым, што Су-27 мае магчымасць вылецець далёка насустрач праціўніку і над варожай тэрыторыяй перахапіць варожы бамбардзіроўшчык. Да таго як ён выпусціў ракеты. В-52 можа выпусціць 24 крылатыя ракеты. Збіў яго і ўсе 24 пахаваў. А калі ён паспее выпусціць ракеты — іх потым вельмі цяжка перахапіць: яны невялікія і вельмі нізка ляцяць”, — гаворыць Алесін.

Пры гэтым цікава, што Расія адмовілася даваць Беларусі крэдыт на набыццё 18 сучасных Су-30, якія Індыя вярнула Маскве праз фінансавыя праблемы. Сваіх грошай у Мінска не хапае — адзін самалёт каштуе ад 35 да 50 мільёнаў долараў у залежнасці ад камплектацыі.

Фота Reuters.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі