Эксперт: Спісы “непажаданых” птушак сведчаць аб некампетэнтнасці чыноўнікаў
Старшыня “Таварыства аховы птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук пералічвае грубыя памылкі і неадэкватныя дзеянні Міністэрства лясной гаспадаркі.
Чытайце тэкст размовы ў скароце:
Еўрарадыё: Якія крытэрыі вызначаюць “пажаданасць” ці “непажаданасць” пэўных відаў птушак?
Віктар Фянчук: Такіх фармальных крытэрыяў, на жаль, не існуе, як, зрэшты, і сам падзел на “пажаданыя” і “непажаданыя” віды – неадэкватны. Калі ёсць нейкая шкода ад птушак для нейкай дзейнасці чалавека – можна ацаніць памеры шкоды і вызначыць спосабы барацьбы з імі. Калі нейкі від аб’яўляецца “непажаданым” – гэта значыць, што меры не прымаюцца і без кантролю дзяржавы адбываецца вынішчэнне віду ўсюды і ўсімі. Адгэтуль і бяруцца праблемы.
Еўрарадыё: Гэта, па сутнасці, ліцэнзійнае вынішчэнне?
Віктар Фянчук: Пра поўнае вынішчэнне гаворкі не ідзе, бо калі від апынецца на мяжы знікнення – яго з гэтага спісу выключаць. Гэта ліцэнзія не на вынішчэнне, а на некантралюемае знішчэнне, што, нібыта, трошкі іншае, але гаворка ідзе пра тое, што ніхто не кантралюе, як, у якіх колькасцях знішчаюцца гэтыя віды. Гэта зусім не адпавядае падыходам цывілізаванага грамадства да кіравання прыроднымі рэсурсамі. Мы, людзі, павінны дакладна ведаць, што, як і чаму мы робім.
Такія самыя праблемы, як з тым жа бакланам, існуюць і ў іншых краінах, але нідзе няма такога акрэслення “непажаданы від”. Там прымаюцца адпаведныя меры ў залежнасці ад таго – колькі яго ёсць гэтага баклана, як трэба абмежаваць, каб не рабіў такой шкоды. Там плануюцца мерапрыемствы і выконваюцца пад кантролем міністэрства прыродных рэсурсаў. Напрыклад, у Галандыі яйкі баклана абмазваюць спецыяльным рэчывам, каб яны не развіваліся. Але гэта робяць супрацоўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў. Яны ведаюць, калі гэта рабіць, у якіх месцах, што яны выкарыстоўваюць ды на якой колькасці бакланаў гэта трэба зрабіць.
Еўрарадыё: Шкоду ад баклана лёгка змераць, праводзячы пэўныя ўлікі. А што з іншымі відамі?..
Віктар Фянчук: З іншымі відамі – не вядома. Напрыклад, у спіс “непажаданых” відаў занесеная сарока. Хто калі вымяраў, колькі шкоды можа нарабіць сарока? Я думаю, што ніхто ніколі нават не лічыў, колькі тых сарок у нас у Беларусі. Ніхто не ведае, ці падае, ці расце іх колькасць, ці адэкватныя меры, якія мы прымаем. Воўк таксама запісаны як “шкоднік паляўнічай гаспадаркі”, але рэч вядомая, што воўк – санітар лесу ў першую чаргу. Таму, шмат відаў унесеныя ў спіс “непажаданых” не на падставе фактаў, а на падставе суб’ектыўных разуменняў пэўных уплывовых людзей, якія безумоўна могуць быць памылковымі. Каб скласці такі спіс, перш за ўсё патрэбнае навуковае абгрунтаванне, якога ў дадзеным выпадку не было. І толькі з навуковым абгрунтаваннем і пасля шырокага абмеркавання можна сцвярджаць, што нейкі від можна пэўным чынам абмяжоўваць.
Еўрарадыё: Беларусь адзіная краіна, дзе дазволена вясенняе паляванне. Як гэта ўплывае на фаўну нашай краіны?
Віктар Фянчук: Міністэрства лясной гаспадаркі плануе нават пашырыць колькасць відаў, тэрміны вясновага палявання. Ясна, нашто гэта робіцца: вясновае паляванне і паляўнічы турызм робіцца вялікім сродкам прыбытку для пэўных лясных гаспадарах, якія маюць дастаткова ўплыву, каб прасоўваць свае інтарэсы. А сітуацыя такая самая, як з тымі “непажаданымі” відамі. Ніхто не ведае, колькі ў нас відаў качак, ёсць звесткі, што колькасць гэтая зніжаецца. Але, я ўпэўнены, што лясныя гаспадаркі не маюць навуковых дадзеных, абгрунтаванняў, ці варта пэўныя віды ўносіць у спіс паляўнічых, ці не. Ніхто не лічыў – які ўплыў акажа гэта на папуляцыю відаў птушак, што гняздуюцца ці пралятаюць у нашай краіне. Але ўсёроўна такія неабгрунтаваныя ідэі лёгка знаходзяцца ў канчатковых дакументах.
Гэта праблема падыходаў, якія мы закладаем у планаванне не толькі паляўнічай гаспадаркі. Праблема з качкамі ёсць, колькасць іх зніжаецца, некаторых відаў зусім мала становіцца. А мы ўсё роўна павялічваем колькасць відаў на паляванне, пашыраем тэрміны вясновага палявання, каб кампенсаваць паляўнічым падзенне ўзроўню вясновай здабычы, які адбываецца праз зніжэнне колькасці качак. Гэта нібы найпрасцейшае рашэнне, і таму віды, занесеныя ў "Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь", трапляюць у спіс відаў на паляванне. Гэта сведчыць, што людзі не надта добра арыентуюцца ў сітуацыі.