Экзамен для Францыі: як правы палітык Зэмур хоча ратаваць краіну ад мігрантаў

Хто такі Эрык Зэмур / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Хто такі Эрык Зэмур / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На мінулым тыдні французска-расійскі пісьменнік і выкладчык "этыкі і сацыяльнага інтэлекту" Антон Малафееў чытаў лекцыі ў Парыжы. Тэматыка лекцый была далёкая ад выбарчай кампаніі, якая набліжаецца ў Францыі. І ўсё роўна гаворка зайшла пра аднаго з самых скандальных яе ўдзельнікаў, патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Эрыка Зэмура.

— Калі закрануць тэму, якая хоць бы мімаходзь закранае актуальныя падзеі, у момант усплывае Зэмур. Зэмур вісіць у паветры. Гэта сапраўдны феномен — не столькі палітычны, колькі сацыяльны. Ён на ўсіх каналах, ён у твітары, ён паўсюль: Зэмур, Зэмур, Зэмур.

Эрык Зэмур — журналіст і пісьменнік, а цяпер яшчэ і правы палітык. Яго рэйтынгі вышэйшы, чым у Марын Ле Пен — і тым больш, чым ва ўсіх іншых правых палітыкаў. Днямі ён абвясціў пра стварэнне ўласнага палітычнага руху "Рэканкіста" — гэта адсылка да часоў, калі заваяваныя мусульманамі землі Пірэнейскага паўвострава вярталіся пад уладу хрысціян.

Мы гутарым з Антонам Малафеевым у дзень, калі першы мітынг Зэмура сабраў 10 тысяч чалавек. Яго праціўнікі прыйшлі ў майках з антырасісцкімі лозунгамі. А яго прыхільнікі закідалі іх крэсламі.

Еўрарадыё папрасіла Антона Малафеева расказаць пра тое, што прывяло ў Францыі да папулярнасці Эрыка Зэмура.

"Арабаў з веданнем пяці моў таксама пасадзім на параход і павязём?"

— У прыстойнай французскай кампаніі можна сказаць — так, я прыхільнік Зэмура?

— Францыя — гэта апошняя камуністычная краіна Еўропы. Так што па змоўчанні французы супраць Зэмура, што б ён ні казаў і як бы ён гэта ні казаў. Супраць проста таму, што так трэба, проста таму, што гэта паліткарэктна. Быць супраць Зэмура — значыць, мець "правільную" аўру.

Асноўны тэзіс Зэмура: у ХХІ стагоддзі адбудзецца канфрантацыя Захаду і Усходу. "Наша цывілізацыя рызыкуе быць замешчанай мусульманскай цывілізацыяй". У гэтым выпадку пад "нашай цывілізацыяй" ён мае на ўвазе французскую культуру, іслам ён лічыць таталітарным.

 

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов
Антон Малафееў, фота з архіва Антона Малафеева

Таму Францыя павінна захаваць сваю цывілізацыю, у прыватнасці праз забарону так званага сямейнага ўз'яднання — калі аселы ў Францыі імігрант мае права перавезці туды ўсю сваю сям'ю. Падобная рыторыка ім прымяняецца да іміграцыі ў цэлым: "Мы самі здохнем, калі будзем прымаць усіх кліматычных уцекачоў".

Дзякуючы падобным развагам Зэмур здабыў папулярнасць ужо даўно. Ён скальпелем разразае вельмі вялікі нарыў у французскім грамадстве — і робіць гэта на працягу ўжо многіх гадоў. А цяпер — дзвюма рукамі, адкрыта, знарочыста.

І чым даўжэй ён будзе гэта рабіць, тым больш, я думаю, гэта будзе падабацца ўсёй той праслойцы грамадства, якая лічыць, што ўсіх арабаў і мусульман трэба прыбраць з Францыі [Зэмур выступае за рэміграцыю, гэта значыць прымусовае вяртанне мігрантаў у краіны паходжання. — Еўрарадыё].

Сама па сабе гэтая ідэя — поўнае трызненне. Па-першае, многія гэтыя людзі тут жывуць з 60-х гадоў — а гэта ўжо як мінімум тры пакаленні. Не хопіць ніякіх караблёў і самалётаў, каб узяць усіх і выселіць.

Па-другое, поўна арабаў і мусульман, якія не менш цывілізаваныя, чым карэнныя французы. Выхаваныя, адукаваныя людзі, якія гавораць на пяці мовах.

Мой калега родам з Туніса — доктар эканамічных навук, практыкуе іслам. І ён цалкам інтэграваўся ў французскае грамадства. Гэтых людзей таксама будзем саджаць на карабель і адпраўляць дадому?

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов
"Зэмур не амур" / news.in-24.com

Безумоўна, бываюць і іншыя прыклады. Ёсць дзеці мігрантаў, якія нарадзіліся тут і якія не лічаць Францыю сваёй радзімай. Яны лічаць, што належаць да цывілізацыі сваіх бацькоў, хоць самі часам нават не гавораць па-арабску, не практыкуюць іслам.

І французаў, якія выступаюць у падтрымку Зэмура, таксама можна зразумець. Ужо гадоў 20 французы кажуць: мы даўно страцілі Марсель. Тое самае кажуць пра адзін з кварталаў Парыжа — Барбес. Там французаў больш няма, толькі імігранты.

Таму Зэмур хоча высылаць незаконных мігрантаў (без дакументаў) і тых, што нарадзіліся ў Францыі, але здзяйсняюць злачынствы і не інтэгруюцца ў французскую культуру.

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов

"Калі я выйграю гэтыя выбары, гэта стане пачаткам адваёўвання самай прыгожай краіны ў свеце".

Эрык Зэмур

У Францыі, па яе культурных канонах, не прынята называць рэчы сваімі імёнамі. Тут трэба ўсё гаварыць у абыход, звяртацца да намёкаў. Вось жа Зэмур называе рэчы сваімі імёнамі. І ў прыватнасці таму шмат якім карэнным французам падабаецца тое, што ён кажа і як ён гэта кажа.

— А вам?

— Ёсць два сейсмолагі французскага грамадства — гэта Зэмур і пісьменнік Мішэль Уэльбек. Але сёння Зэмур — бос сейсмолагаў, галоўны па землятрусах.

Гэта адукаваны чалавек. Хоць яго праціўнікі, што б ён ні казаў і як бы ён гэта ні казаў, безумоўна, пачнуць вам тлумачыць, што ён расказвае чорт ведае што, што ён пераварочвае гісторыю [яго абвінавачваюць у спробах апраўдаць калабарацыянісцкі рэжым Вішы, які супрацоўнічаў з нацысцкай Германіяй. — Еўрарадыё].

Тым не менш факт: чалавек ён вельмі адукаваны і інтэлектуал. Яму за 60, ён пражыў практычна ўсё жыццё, займаючыся журналістыкай.

У дэмакратыі кожны мае права выказаць тое, што ён думае, а іншыя нібыта не маюць права, не павінны яму ў гэтым перашкаджаць ці яго ў гэтым папракаць. Бойка на яго мітынгу — гэта ўжо, з майго пункту гледжання, недэмакратычны крок.

 

Твітар не можа ігнараваць Зэмура

Мне здаецца, што Зэмур вельмі карысны ў сённяшняй палітыцы Францыі. Яго хутка класіфікавалі як правага экстрэміста. На мой погляд, гэта няправільна, таму што ў правых экстрэмістаў акрамя нацыяналістычнай рыторыкі павінна быць адпаведная эканамічная, сацыяльная праграма. У Зэмура я гэтага пакуль асабліва не бачу.

Большая частка яго сённяшняй камунікацыі сканцэнтравана менавіта на мусульманах і арабах. Ён амаль не гаворыць пра ядзерную энергетыку або пра знешнюю палітыку. Вядома толькі, што ён выступае супраць санкцый у дачыненні да Расіі і за збліжэнне з ёй, а таксама за прызнанне Крыма.

Але кожны раз, калі я гляджу яго інтэрв'ю, я бачу, што 80% часу адведзена гэтым спрэчным пытанням, у чым таксама вялікая заслуга саміх журналістаў, якія яго распытваюць у асноўным толькі пра гэта. А нельга ж быць абраным у прэзідэнты, гаворачы толькі пра адну праблему.

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов

"Мяне не хвалюе, называюць людзі сваіх дзяцей Махамедам, Антуанам або Кевінам. (...) Французы таксама стаміліся ад гэтых дэбатаў. Эрык Зэмур абсалютна нічога не гаворыць пра пакупную здольнасць! Наогул нічога! Нам трэба зноў паставіць сацыяльныя праблемы ў цэнтр палітычных дэбатаў".

Ян Брасат, французскі палітык

Застаецца яшчэ шэсць месяцаў да выбараў, і цалкам відавочна, што за гэты час праграма стане дапрацаванай і прапрацаванай. Паколькі Зэмур літаральна тыдзень таму афіцыйна абвясціў сваю кандыдатуру ў прэзідэнты і, безумоўна, ён і яго дарадцы чакаюць абвяшчэння праграм яго сапернікамі. Гэта даўно ўсім вядомая перадвыбарная тактыка, асабліва кандыдатаў, якія вылезлі з ніадкуль.

Але што б цяпер Зэмур ні рабіў і ні казаў, яго словы падхопліваюць і разносяць усе каналы. Маўляў, і гэта ён сказаў не так, і тое ён падкрэсліў не гэтак. Шукаюць кожную дробязь, на якую, калі б гаворка ішла пра іншага палітыка, ніхто б і ўвагі не звярнуў.

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов

"У дачыненні да мяне ўладамі ўсё дазволена, гэтая зграя наступае мне на пяткі. Палітычныя праціўнікі хочуць майго палітычнага скону, журналісты хочуць маёй сацыяльнай смерці, ну а джыхадысты — фактычнай смерці".

Эрык Зэмур

"Ён шмат у чым мае рацыю, але так казаць няправільна"

— У які момант Зэмур наогул стаў магчымы ў адкрытай для мігрантаў Францыі?

— Пазіцыя ў дачыненні да мігрантаў "мы ўсіх прымем і ўсім дапаможам", якой прытрымліваюцца многія французы, грунтуючыся на хрысціянскіх канонах, не вытрымлівае крытыкі. Гэта лухта поўная, прыняць усіх і дапамагчы ўсім адначасова такая маленькая краіна не можа. Але тая частка французаў, якія гэтай пазіцыі прытрымліваюцца, безумоўна, супраць Зэмура.

Так, Францыя, таксама як і кожная краіна, можа прыняць пэўную колькасць мігрантаў і дапамагчы ім. Але штука вось у чым.

 

Некалькі гадоў таму, калі пачалася заваруха ў Сірыі, Германія агулам прыняла парадку двух мільёнаў уцекачоў. Францыя ж гэта робіць ужо з 60-х гадоў.

Францыя сваімі сіламі завозіла на сваю тэрыторыю сем'і арабаў і мусульман, каб папоўніць усе свае заводы. Краіне патрэбна была малакваліфікаваная танная працоўная сіла.

Але тады ніхто не задаваўся пытаннем — а ці не ствараем мы самы сапраўдны шок цывілізацый? У XVIII стагоддзі, прымаючы на сваю тэрыторыю габрэяў, французы казалі: усё дамо, але вы павінны цалкам адаптавацца да французскай культуры. Вось жа да арабаў падобны падыход, мяркуючы па ўсім, не асабліва ўжываўся ў ХХ стагоддзі.

Рэвалюцыянер Станіслас дэ Клермон-Танэр 23 снежня 1789 года сказаў знакамітую прамову пра асіміляцыю, якую талдычыць сёння Зэмур, які выступае за канцэпцыю нацыі ў процівагу камунітарызму: "Мы павінны адмовіць ва ўсім габрэям як нацыі, але даць габрэям усё як грамадзянам".

Зэмур менавіта гэта і хоча прывесці ў выкананне. Гэта значыць, ён хоча пачаць новую палітыку ў дачыненні да арабскага і мусульманскага насельніцтва. Ён настойвае на тым, што яны ў Францыі не галоўныя — не лепшыя і не горшыя за іншых, і што яны павінны адаптавацца.

У чужой бажніцы свечкі не папраўляй, і мне незразумела, чаму многія прыезджыя гэтага не разумеюць. Я імігрант, хоць я і не мусульманін. Я адаптаваўся да тутэйшага асяроддзя, тутэйшых мовы, культуры. Мне сёння ніхто з тутэйшых не скажа, што я нешта там раблю не так, што я не адаптаваны, што мяне не разумеюць. І калі я змог гэта зрабіць, то, па сутнасці, гэта можа зрабіць кожны.

Мяне нават здзіўляе, што, як толькі з'яўляецца палітык, які пазначае гэтыя праблемы і кажа тое самае, але на французскай мове, дубка становіцца ўся мясцовая інтэлектуальная эліта.

— Цікава, што сам Зэмур — з сям'і алжырскіх габрэяў. Як гэта спалучаецца з яго непрыманнем мігрантаў?

 

— Адзін мой знаёмы француз кажа, што за Зэмура ў Францыі ніхто не будзе галасаваць, таму што ён габрэй. Зэмур сапраўды родам з сям'і алжырскіх габрэяў. Але, па-першае, нагадаю, што Сарказі — выхадзец з венгерска-яўрэйскай сям'і, хоць і па бацьку.

Па-другое, Зэмур выкарыстоўвае сваё імігранцкае Паходжанне ва ўласных мэтах. Яго бацька-імігрант цікавіўся гісторыяй Францыі і яе мастацтвам, пра што Эрык Зэмур расказваў у адным з інтэрв'ю. Гэта значыць, яго бацькі, з'ехаўшы з Алжыра, адаптаваліся да французскай культуры, цалкам інтэграваліся ў французскае грамадства.

І ён хацеў бы бачыць тое самае ва ўсіх імігрантах, якія прыязджаюць. Ды, уласна, гэтага хацелі б усе. Нават тыя, хто публічна называе Зэмура фашыстам.

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов

"У апошнія месяцы вы, напэўна, чулі пра мяне шмат цікавага. Некаторыя казалі, што я жорсткі. Так, не выключаю, бо я — гарачы чалавек, мая прыхільнасць ідэі абсалютная, а Францыя знаходзіцца на мяжы краху".

Эрык Зэмур

Вы ў мяне пыталіся, ці я сімпатызую Зэмуру. Я не магу сказаць, што я цалкам і поўнасцю супраць яго, таму што, з майго пункту гледжання, вельмі многія рэчы ён кажа правільна. Але многія тонкія нюансы не дазваляюць мне выгароджваць Зэмура любой цаной.

Некалькі разоў я задаваў тое самае пытанне карэнным французам. Я пытаўся, маўляў, вы ж разумееце, што ў некаторых пытаннях ён мае рацыю? Мне адказвалі: так, ён многае кажа правільна, але гэта нельга казаць.

Гэта проста сапраўдная нацыянальная праблема. "Ён кажа правільна, але гэтага казаць не трэба". І тыя ж людзі будуць вам гаварыць, што мы жывём у дэмакратычным грамадстве.

— Гэта значыць, можа скласціся сітуацыя, пры якой уголас Зэмура ніхто не падтрымае, а ў дзень выбараў на таемным галасаванні паставяць птушачку насупраць ягонага прозвішча?

 

— Упэўнены, што многія так і зробяць.

— А ці такое добрае ў Францыі жыццё мігранта?

— Складанае пытанне. Некаторыя мігранты выехалі з краін, у якіх па іх стралялі, ім не было чаго есці. Нават калі тут яны спяць на кардонцы пад адкрытым небам, то, прынамсі, гэта бяспечная кардонка.

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов
Дзеці мігрантаў / GUILLERMO ARIAS AFP

Я ж прыехаў у Францыю ў 90-х для заканчэння вышэйшай адукацыі, і мне здавалася, што я трапіў у рай. Я разумею, што гэта параўнанне можа здацца абсурдным. Проста хачу даць зразумець, што жыццёвыя сітуацыі ва ўсіх імігрантаў розныя.
 

"Зэмур у другім туры, Ле Пен больш сур'ёзна ніхто не ўспрымае"

— Ці далёка Зэмур пойдзе ў палітыцы?

— Як на мяне, Зэмур адназначна пройдзе ў другі тур разам з Эмануэлем Макронам. Нягледзячы на тое, што многія лічаць, што Марын Ле Пен яшчэ зможа яго абысці.

Але так ці інакш, Макрона пераабяруць, іншы сцэнар практычна немагчымы. І ў гэтым сыходзяцца ўсе без выключэння. Немагчыма, каб тут паўтарылася сітуацыя, падобная да абрання Трампа ў Амерыцы. Да гэтага сённяшняе французскае грамадства, як мне здаецца, проста не гатовае.

 

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов

"Доўгі час я думаў, што Макрон — менш вульгарны Сарказі. Цяпер я разумею, што Макрон — гэта той самы Аланд, толькі адзеты лепей".

Эрык Зэмур

А вось Марын Ле Пен сур'ёзна ўспрымаюць усё менш, яна страціла крэдыт даверу ў папярэднія выбары. Ёй даюць выказацца, але гэта проста страсенне паветра. Зэмур, на мой погляд, цалкам можа ўзяць на сябе ўсіх экстрэмальна правых. Я думаю, што Марын Ле Пен аб'яднаецца з Зэмурам. Гэта проста непазбежна.

Сітуацыя можа быць падобнай да той, калі бацька Марын Ле Пен у другім туры сапернічаў з Жакам Шыракам. На вуліцы тады выйшла ўся французская паліткарэктнасць. Усіх агітавалі галасаваць супраць Ле Пена. У выніку Шырак застаўся на другі тэрмін.

І хоць я ўпэўнены, што наступным прэзідэнтам Францыі зноў будзе Макрон, я думаю, Зэмур прымусіць яго прыслухацца да пэўных сігналаў і ідэй.

— Вы хацелі б жыць у Францыі Зэмура?

— Асабіста мяне гэта не напружвае ніколькі. Гэта я вам зараз кажу той самай адкрытай мовай, якой выказваецца сам Зэмур.

Не ведаю, наколькі этычна так казаць. Але так, па-першае, я не мусульманін і не араб. У Францыі жыву 23 гады і выдатна інтэграваны ў тутэйшае асяроддзе. У мяне няма абсалютна ніякіх праблем з мясцовым насельніцтвам. Так што я не адчуваю сябе ў групе рызыкі.

А па-другое, я не веру, што ў такой краіне, як Францыя, такі чалавек, як Зэмур, можа прыйсці сёння да ўлады — у сілу многіх параметраў французскага менталітэту. Калі ж гэта адбудзецца, трэба разумець, што пакуль мы ведаем пра яго праграму вельмі мала, акрамя яго рыторыкі, накіраванай супраць арабаў і мусульман.

 

Экзамен для Франции: как правый политик Земмур хочет спасать страну от мигрантов
Ludovic Marin / AFP / Getty

І не трэба забываць, што ёсць перадвыбарчыя заявы і абяцанні, а потым ужо ёсць сам прэзідэнцкі мандат, на працягу якога часцей за ўсё гэтыя абяцанні выпараюцца і рэальнасць, з усімі яе палітычнымі і сацыялагічнымі шматузроўневымі задачамі, накрывае новага прэзідэнта з галавой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі