ЕС лічыць, што афіцыйны Мінск адвольна здымаў кандыдатаў з выбараў
23 ліпеня ў Бруселі адбылася пазачарговая сустрэча высокапастаўленых службовых асоб ЕС і Беларусі, паведамляе Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў нашай краіне.
Дэлегацыю Еўрасаюза ўзначальваў выканаўца абавязкаў кіраўніка дырэктара па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Люк Дэвінь. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка (нядаўна ён быў прызначаны амбасадарам у ЗША).
Асноўнай тэмай абмеркавання стала сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Еўрасаюз выказаў занепакоенасць тым, што беларускія ўлады не датрымоўваюцца асноўных свабодаў. На думку ЕС, афіцыйны Мінск адвольна здымаў кандыдатаў з выбараў. ЕС заклікаў Беларусь вызваліць усіх адвольна затрыманых палітычных актывістаў і забяспечыць іх доступ да юрыдычнай дапамогі. Таксама Брусель настойвае на справядлівым, бесстароннім і празрыстым расследаванні ва ўсіх выпадках.
Прадстаўнікі Еўрасаюза выказала шкадаванне, што Беларусь загадзя не запрасіла на выбары назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ (Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе). Яны заклікалі беларускія ўлады выконваць міжнародныя выбарчыя стандарты на працягу астатняй часткі выбараў.
Акрамя таго, ішла гаворка пра еўрасаюзаўскую дапамогу Беларусі ва ўмовах пандэміі Covid-19. Бакі абмеркавалі перамовы аб Прыярытэтах партнёрства ЕС і Беларусі.
Згадалі на перамовах і Беларускую АЭС. У Бруселі лічаць важным, каб Беларусь працягвала супрацоўніцтва з групай еўрапейскіх рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі для выкананні рэкамендацый, дадзеных па выніках стрэс-тэстаў на БелАЭС. Таму ЕС вітаў пагадненне аб правядзенні партнёрскай праверкі Нацыянальнага плана дзеянняў Беларусі з намерам завяршыць гэтую працу да канца года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.