Еўрапейскія СМІ пра выбары ў Расіі: агульная апатыя і расчараванасць грамадзян
Для шэрагу выданняў Еўропы расійскія выбары ў Думу, якія прайшлі 18 верасня, сталі ледзь не галоўнай тэмай панядзелка.
Згодна з папярэднімі ацэнкамі, у Дзярждуму 7-га склікання прайшлі чатыры партыі, якія былі прадстаўленыя ў расійскім парламенце апошнія пяць гадоў, а кіруючая "Адзіная Расія" мае рэальныя шанцы атрымаць канстытуцыйную большасць.
На апошнюю акалічнасць звяртае ўвагу газета Die Welt. "Нягледзячы эканамічны крызіс у краіне, парламенцкія выбары ўмацоўваюць пазіцыі “Адзінай Расіі”. У партыі нават ёсць шанцы вярнуць канстытуцыйную большасць, страчаную ў 2011 годзе", — піша выданне. Партыя ўлады ўжо фармавала канстытуцыйную большасць у Дзярждуме з 2007 па 2011 год.
Агенцтва dpa інтэрпрэтавала такі поспех "Адзінай Расіі", у прыватнасці, як асабісты трыумф прэм'ер-міністра РФ і старшыні партыі Дзмітрыя Мядзведзева: "У мінулыя месяцы Мядзведзеў пастаянна падвяргаўся крытыцы, выклікаючы незадаволенасць грамадзян сваімі недарэчнымі выказваннямі. Але падчас свайго выступу нядзельным вечарам ён не выглядаў прэм'ерам на мяжы адстаўкі".
Каментуючы іншыя вынікі думскіх выбараў, выданні са здзіўленнем адзначалі падзенне папулярнасці КПРФ і поспех ЛДПР. У Die Welt знайшлі гэтаму наступнае тлумачэнне: "Поспех Жырыноўскага — у асноўным вынік актыўнай піяр-кампаніі яго партыі, але ён кажа і пра рост сімпатыі да нацыяналістычнай рыторыкі ў Расіі".
Розныя выданні адзначылі нізкую яўку на выбарах. Die Welt бачыць у якасці магчымых прычын гэтага перанос выбараў на верасень, калі "расійскія выбаршчыкі традыцыйна менш актыўныя", а таксама "агульную апатыю і расчараванасць" грамадзян, якія не выказалі цікавасці да галасавання. Frankfurter Allgemeine Zeitung адзначае, што асабліва нізкай яўка была ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, дзе ў апазіцыі традыцыйна шмат прыхільнікаў, што, на думку выдання, было выгадна Крамлю.
Нароўні з нізкай яўкай адной з галоўных тэмаў сталі рознага кшталту маніпуляцыі падчас галасавання. Анлайн-версія часопіса Der Spiegel сабрала цэлую падборку фота- і відэасведчанняў "укідаў" бюлетэняў супрацоўнікамі ўчастковых выбаркамаў.
"Нягледзячы на парушэнні, ніхто не плануе буйных дэманстрацый пасля сёлетніх выбараў, як гэта было ў 2011 годзе. І гэта, бадай, найважнейшая перамога Пуціна. Эканамічнае палажэнне не прымусіла людзей выйсці з дому і масава прагаласаваць за апазіцыйныя партыі. Гэта добрая перспектыва для Пуціна на прэзідэнцкія выбары, якія маюць адбыцца праз два гады", — піша Die Welt.
Financial Times прысвяціла вялікі артыкул выбарам у Крыме.
"Калі жыхары Крыма ў межах рэферэндуму выйшлі на выбарчыя ўчасткі, людзі махалі сцягамі, танцавалі на вуліцах і запускалі феерверкі. Але ў нядзелю эйфарыя змянілася апатыяй і пасіўнасцю, як і ў цэлым у Расіі", — піша карэспандэнт FT Макс Сэдан.
Карэспандэнт распавядае пра выпадкі подкупу выбаршчыкаў: "Мясцовы тэлеканал раздаваў бясплатныя смартфоны ўсім, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. Адзін назіральнік за выбарамі размясціў у інтэрнэце фатаграфію таго, як выбаршчыкам давалі бясплатныя білеты ў кіно".
Украіна заклікала ЗША і ЕС зрабіць больш жорсткім рэжым санкцый, накладзены на Маскву, за тое, што яна праводзіць свае выбары ў Крыме, які Расія, па словах прэзідэнта Пятра Парашэнкі, "ператварыла ў канцлагер".
Між тым выбары ў Крыме прайшлі спакойна і без праблем, заўважае Financial Times, нягледзячы на тое, што сам факт іх правядзення быў асуджаны ЗША, Еўрапейскім саюзам і Украінай.