Foo Fighters сыграюць новы альбом падчас пяці тэлешоў Латэрмана

Foo Fighters цягам тыдня будуць прыходзіць на тэлешоў знакамітага Дэвіда Латэрмана і прэзентаваць песні свайго новага альбома "Sonic Highways".


Праграма "Late Show With David Letterman" лічыцца адной з самых рэйтынгавых на амерыканскім тэлебачанні. І дагэтуль ніводнаму артысту не дазвалялася такая раскоша — прыходзіць да старажыла тэлеэкрана штовечар.


Foo Fighters з'явяцца ў эфіры CBS-TV 13 кастрычніка, дадуць інтэрв'ю Дэвіду Латэрману і сыграюць невялікі канцэрт. У гэты ж дзень у эфіры HBO адбудзецца прэм'ера дакументальнага фільма пра запіс новага альбома рокераў, які таксама атрымаў назву "Sonic Highways". З'яўленні Дэйва Грола і кампаніі на вечаровым шоў Латэрмана будуць цягнуцца да 17 кастрычніка.


Нагадаем, кружэлка "Sonic Highways", восьмая ў дыскаграфіі Foo Fighters, выйдзе 11 лістапада. Яна будзе складацца з васьмі трэкаў. Паведамляецца, што ўсе кампазіцыі запісваліся ў розных гарадах: Нью-Ёрку, Лос-Анжэлесе, Чыкага і іншых. Пры гэтым у кожным горадзе Foo Fighters запрашалі ў студыю паважаных мясцовых музыкаў-ветэранаў, каб паджэмаваць з імі і абмяняцца досведам.


Дэйв Грол кажа, што пры праслухоўванні адразу адчуецца, што дыск незвычайны. "Думаю, што гэтыя гарады і людзі натхнілі нас на разведку новых тэрыторый", — адзначае музыка.


Прадзюсарам альбома выступіў вядомы Бутч Віг.

Паводле music.com.ua

Фота: www.binaural.es

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі