Францыя прапанавала Беларусі супрацоўніцтва ў галіне космасу

Францыя прапанавала Беларусі супрацоўніцтва ў галіне космасу

Французская акадэмія навук прапанавала беларускім навукоўцам супрацоўніцтва ў галіне даследавання космасу і ў стварэнні сумеснага спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі. Пра гэта 20 чэрвеня паведаміў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

"У нас ёсць лісты ад Французскай акадэміі навук з просьбай разгледзець магчымасць супрацоўніцтва ў галіне космасу і стварэнні спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі сумесна з французскімі распрацоўшчыкамі, а таксама распрацоўшчыкамі з Еўрасаюза без прывязкі да нейкай адной краіны", — цытуе словы кіраўніка НАН Беларусі БелаПАН.

Паводле яго слоў, рашэнне "будзе прымацца ўзважана", для гэтага беларускія навукоўцы пракансультуюцца са спецыялістамі, у тым ліку з расійскім бокам, бо сёння Расія выступае асноўным партнёрам Беларусі ў галіне космасу. "Рашэнне будзе прынятае да канца года", — паведаміў Гусакоў.

У той жа час Беларусь "адназначна будзе працаваць" з Расіяй для стварэння другога беларускага спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі, які будзе "прынцыпова новым з больш дэталёвым распазнаваннем, новай прыборнай базай і здымачнай апаратурай".

"Беларусь у касмічным плане — новая і маладая краіна. Як касмічную краіну нас яшчэ мала ведаюць у свеце, нам трэба выходзіць на сусветны рынак праз Расію, мы такую працу выконваем", — падкрэсліў Гусакоў.

Зараз на арбіце знаходзяцца два беларускія спадарожнікі: Беларускі касмічны апарат, які быў запушчаны 22 ліпеня 2012 года і стварыў малую групоўку з расійскім спадарожнікам "Канопус-В", і "Белінтэрсат-1", запушчаны 15 студзеня 2016 года. Працу першага апарата забяспечвае НАН Беларусі, другога — Дзяржкамваенпрам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі