"Гэта, напэўна, такі добры жэст уладаў народу?"

Другую суботу запар на Камароўскім рынку прадаюць адносна танную свініну — па 63 тысячы за кілаграм. Мінчане купляюць недарагое мяса пакетамі, а на куплю жвавыя бабулькі аддаюць усю пенсію або стратэгічныя запасы на будучыню

"Вось сабе вазьму мяса і дачцэ", — дзеляцца ўражаннямі ў чарзе дамы, выдаючы версіі адна за адну прыгажэйшая пра тое, адкуль узялося мяса па адносна таннай цане. Самая папулярная версія — "тое, што заляжалася на складах, і тое, што вярнулі з Расіі, усё прадаюць нам".

У першы дзень марожаную свініну куплялі ўсёй сям'ёй, стаялі і лаяліся ў чэргах. Другі зніжкавы дзень быў менш ажыятажным. Чэргаў як такіх амаль не было, прадаўцы-прыватнікі не злараднічалі, але рэдкімі фразамі зараджалі сумневы ў пакупніках — "няўжо замарожанае мяса можа быць добрым? Невядома, колькі яно праляжала ў халадзільніку". Ну проста дзень нябачанай дабрыні і гармоніі.

"Другі раз мяса было больш «сальным» і менш бралі, прадаўцы распавядалі", — падсумоўваюць гандаль другога акцыйнага дня спецыялісты ААТ «Азарэнне». Гэтае прадпрыемства таксама было ўключанае ў акцыю «недарагая свініна на Камароўцы". — Гэтай інтэрвенцыяй упраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама кіруе, вось і нас ўключылі», — па сумным голасе маёй суразмоўніцы зразумела, што асаблівай радасці ад акцыі яна не адчувае. Прызнаецца, што накрутка на свініну была мінімальнай.

"У прынцыпе, у крамах у нас свініна выходзіць у нуль, непрыбыткова яе прадаваць. Гэта значыць, практычна без прыбытку, мінімальная накрутка, можа, 10% у краме. А на рынак аддавалі дык, можа, і чатырох адсоткаў гандлёвай надбаўкі не было".

Прызнацца, кілаграм свініны купіла і я. У чым падвох — шукалі ўсёй сям'ёй. Нават, прызнацца, аднеслі кавалачак у лабараторыю на аналіз на наяўнасць у мясе геному віруса афрыканскай чумы свіней! Вынік аказаўся адмоўным. Прадэгуставалі асабліва прыдзірліва, але... мяса смачнае, хіба што крыху жорсткае.

Ва ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама тэлефаную як шараговы пакупнік.

"Я вяду мясную групу тавараў. Інтэрвенцыямі займаюся непасрэдна. Мяне завуць Таццяна Анатольеўна",Таццяна Анатольеўна з першай секунды размовы пераконвае мяне ў тым, што мяса за 63 тысячы нармальнае.

"Уся свініна айчыннай вытворчасці. Вырабленая мінскімі холадакамбінатамі №1 і №2. Свініна з партыі ў асноўным з прадпрыемства ААТ «Белавежскі» — гэта найбуйнейшы вытворца свініны і першы вытворца свініны, які ўпісаўся ў расійскія стандарты вытворчасці свініны, бачыце, што мяса не тлустае. І другі пастаўшчык — філіял Скідальскага агракамбіната «Мастоўскі кумпячок». Ніякага імпартнага мяса не можа быць. Гэта мяса, якое паступіла з запасаў, што стварае Мінск для бесперабойнага гандлю".

Спецыяліст кажа, што па стандарце тэрмін захоўвання свініны для бесперабойнага гандлю — да 6 месяцаў.

"Але вы няправільна разумееце, што вось гэтая свініна, якая прадаецца, правалялася ў халадзільніку 6 месяцаў! Мёртвым грузам не ляжыць. Можа, месяц ляжыць. А што ў яе пагоршылася ад гэтага? Яна захоўваецца правільна, няма размарожвання-замарожвання. Гэта камера на 200 тон, куды ніхто не заходзіць, у штабялях, укладаецца і накрываецца гэтая свініна. А ялавічына можа захоўвацца цэлы год! Што з ёй стане? Яна ўжо паступіла мінус 18. А вы ў курсе, што ёсць харчовы запас, які ў нашай краіне пастаянна абнаўляецца? Але для ўпэўненасці скажу, што свініна ў паўтушах даўно не паступала, а цяпер пачала паступаць. Так што можаце быць упэўненыя, што і тры месяцы яна не ляжала".

Ва ўпраўленні спажывецкага рынку запрашаюць на наступныя акцыі — яны будуць праходзіць да канца года.

У "Мастоўскім кумпячку" (філіял Скідальскага агракамбіната) запэўніваюць, што мяса  — свежачок!

"Цягам 24 гадзін яно замарожваецца і адгружаецца. Адгрузка адбываецца 2-3 разы на тыдзень. Мяса можа захоўвацца шэсць месяцаў, але вы ж ведаеце, якая была сітуацыя са свінінай апошнія месяцы. На камбінатах застаюцца мінімальныя запасы", — у аддзеле збыту «Мастоўскага кумпячка» запэўніваюць, што мяса шэсць месяцаў даўно ні ў кога не залежваецца.

А вось адкуль цана 63 000 за кілаграм, на прадпрыемстве не ведаюць. Кажуць, што адпускная цана за кілаграм — крыху больш за 54 тысячы рублёў без ПДВ. З ПДВ (10%) атрымліваюцца якраз тыя самыя 63 000 рублёў. Выходзіць, мяса прадаюць практычна без надбаўкі?

"Можа, гэта такая пераднавагодняя акцыя, каб усе назапасіліся? Магчыма, гэта такі добры жэст дзяржавы — аказаць падтрымку людзям у наш нялёгкі час".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі