Грант скончыўся, дырэктар у В'етнаме: што будзе з мінскім веларухам?
Карнавал VivaRovar / Еўрарадыё
Мінскае роварнае таварыства абвясціла пра сур'ёзныя змены ў 2020 годзе. Тры гады таму МРТ атрымала грант ад Еўрасаюза, але цяпер ён падыходзіць да канца.
"Амаль скончыўся вялікі праект пры фінансавай падтрымцы ЕС, і ў мяне, як і ў маіх калег, больш няма аплаты працы", — піша ў "Фэйсбуку" дырэктар арганізацыі Анастасія Янчэўская. Цяпер яна ў В'етнаме — пазычыла грошай і з'ехала да красавіка.
"З 20 сакавіка я адкрытая для прапаноў аб працы!" — дадае дзяўчына. Што будзе далей з веларухам у Беларусі?
Новы грант — не раней чым праз год
З допіса Янчэўскай можна зрабіць выснову, што грант ЕС складаў $600 тысяч. Нягледзячы на яго сканчэнне, у МРТ не сумуюць. У планах на найбліжэйшы час — правесці форум "ПраРовар", велакарнавал "Viva Ровар!" і Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, а таксама арганізаваць серыю публічных лекцый з вядомымі ўрбаністамі. І знайсці новыя гранты або навучыцца працаваць без багатага фінансавання збоку.
Прэс-сакратар МРТ Таццяна Жарнасек расказала Еўрарадыё, што фактычна праект Еўрасаюза яшчэ працягваецца. Але цяпер толькі ў рэгіёнах:
"Грант завяршыўся на мінскія праекты, але ў нас яшчэ засталіся рэгіянальныя праекты, дзе былі свае міні-гранты. Пакуль мы нічога не выйгралі, але мы працягваем падаваць нашы праекты ў іншыя фонды".
Зрэшты, пакінуты ў Мінскім роварным таварыстве за галоўнага Максім Пучынскі кажа, што з іншымі грантамі пакуль не зраслося:
"На жаль, нам адмовілі ў гранце ад Еўрапейскага саюза. Мы чакаем адказ яшчэ на некалькі заявак, працягваем шукаць і падавацца на іншыя гранты. Роўна падабраць фінансаванне да завяршэння чарговага гранта вельмі складана".
Па словах Максіма, праект, які скончыўся, — ужо дзясяты, які МРТ рэалізоўвае на грошы Еўрасаюза. Але гэты быў самы буйны. Перад ім быў праект "Валожынскія гасцінцы" — распрацоўка веламаршрутаў па Валожынскім раёне. І перапынак у фінансаванні, пасля якога ўдалося выйграць трохгадовы грант.
Нават калі найбліжэйшы магчымы партнёр пацвердзіць заяўку МРТ, хутка грошай чакаць не варта: працэдура рэгістрацыі фінансавай дапамогі ў Беларусі можа зацягнуцца на год. Увесь гэты час удзельнікі руху будуць працаваць на валанцёрскіх пачатках.
Круці педалі
Каб захаваць ранейшую каманду і забяспечваць яе работу за кошт сяброўскіх узносаў, у МРТ павінна ўступіць каля 5 тысяч чалавек. Цяпер у арганізацыі каля 500 удзельнікаў.
Акрамя нарошчвання арганізацыі, МРТ плануе манетызаваць сваю экспертную дзейнасць:
"За час праекта мы вельмі моцна выраслі, — расказвае Максим. — На цяперашні момант у арганізацыі сабраліся людзі, якія ледзь не лепш за ўсіх у краіне разумеюць, як развіваць веларух, як рабіць велапаркоўкі, велагаражы — розную велаінфраструктуру. У нас ёсць разуменне, ёсць досвед, і гэта сапраўды можна неяк манетызаваць і аказваць свае кансультацыйныя паслугі".
Таксама плануецца краўдфандынгавая кампанія па пашырэнні і рэалізацыі ў Мінску інфраструктурных праектаў.
"Такія праекты павінны працаваць комплексна, а не кропкава. ДАІ гатовая і далей супрацоўнічаць з намі, калі мы распрацоўваем праектныя рашэнні, а яны рэалізуюць, — дадае Максім Пучынскі. — На чарзе працяг велапаласы на вуліцы Веры Харужай".
Цяпер хто куды
З дзесяці чалавек на час перапынку ў фінансаванні ў МРТ застануцца практычна ўсе, але без зарплаты і як валанцёры:
"Старшыня праўлення Павел Гарбуноў, дырэктар Анастасія Янчэўская, наш велаафіцэр Павел Нішчанка і я. Таксама ў нас застанецца наш PR-менеджар Таня Жарнасек і яшчэ некалькі чалавек, — пералічвае Максім Пучынскі. — Мы працягнем працу па пытанні, як рабіць Мінск больш веласіпедным, працягнем праводзіць асноўныя мерапрыемствы. Праўда, цяпер ужо не ў тым аб'ёме, але ўсё гэта будзе".
"Раней мы маглі працаваць поўны час: фінансаванне дазваляла ўтрымліваць каманду на зарплаце. Цяпер яе больш няма, мы вымушаны шукаць падпрацоўкі, каб банальна існаваць, — дадае Таццяна Жарнасек. — Таму цяпер хто куды: хтосьці шукае іншыя праекты, хтосьці валанцёрыць для нас і працуе ў іншым месцы. У нас ёсць ахвяраванні і сяброўскія ўзносы, якія будуць пакрываць нейкія нашы выдаткі".
Па словах Таццяны, каманда вялікая, настроі ва ўсіх розныя: "Кіраўнікі цяпер у адпачынку за мяжой, але адтуль працягваюць весці справы, пастаянна з намі спісваюцца і сазвоньваюцца. Настрой працоўны: шукаем іншыя варыянты, як усё рабіць далей. У нас ужо запланаваны мерапрыемствы, мы не можам ад іх адмовіцца. Мы разумеем, што момант пераломны, але мы гэтага чакалі і рыхтаваліся".
“Гараж 38” застаецца, “ПраРовар” стане платным
Мінскае роварнае таварыства не плануе адмаўляцца ад сваіх асноўных праектаў, уключаючы традыцыйны "ПраРовар". У форуму з'явіліся спонсары, але сёлета ўдзельнікам давядзецца аплачваць узносы.
"Застануцца нашы любімыя і асноўныя мерапрыемствы, такія як "Калядная велапрагулка", "Велапрагулка ў гонар Еўрапейскага тыдня мабільнасці", раздача садавіны ў рамках акцыі "30 Дзён на ровары", — працягвае Таццяна.
У 2020 годзе МРТ плануе прывезці ў Мінск пяць "рок-зорак" урбаністыкі і арганізаваць іх публічныя лекцыі. Спіс яшчэ не сфармаваны, арганізатары адкрытыя для прапаноў. Валанцёрскія праекты "Гараж 38" і "Велашкола" захоўваюцца.
Вынікі 2019 года і трохгадовага праекта будуць падведзены ўвесну. Агульны сход арганізацыі адбудзецца 11 красавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.