Грошай мала, таму дыскаўнтары растуць: перашкодзіць можа толькі дзяржава
У сегменце бытавой хіміі сеткам расці больш няма куды / Reuters
Адкрыць прыватную аптэку ў Беларусі вельмі складана, бо дзяржаўная "Белфармацыя" адначасова займае вялікую долю на рынку і рэгулюе яго. Аднак "Востраў чысціні" спачатку стаў прадаваць прадукты харчавання, потым алкаголь, цяпер з'явілася аптэка "Востраў здароўя".
Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам і даведалася, што дазваляе сетцы расці ў той час, як рытэйл перажывае не самыя лепшыя часы, і чаму дыскаўнтары будуць квітнець і далей.
Расці больш няма куды
На думку менеджара па развіцці бізнесу Satio CIVITTA Group, экс-кіраўніка па рабоце з рознічнымі сеткамі ў Nielsen Валянціна Сакалоўскага, у сегменце бытавой хіміі "Востраву чысціні" проста няма куды больш расці.
— Яны, груба кажучы, дабіліся ўсяго, чаго маглі. Калі дзяржава не пачне адміністрацыйна перарабляць рынак метадам закрыцця "Мілы", напрыклад, то далей кожны рубель зарабляць усё складаней.
Паводле інфармацыі эксперта, гандляваць прадуктамі харчавання "Востраў чысціні" стаў праз дамоўленасць з буйным імпарцёрам.
— Гэта аказалася ўзаемавыгадна і з пункту гледжання бізнесу, і з пункту гледжання інвестыцый гэтага імпарцёра ў сетку. А алкамаркеты — гэта мода, якая прыйшла з Расіі. Там яны выціскаюць крамы каля дома. За мінулы год прыкладна ў два разы вырас іх канал продажаў.
Аптэкі — яшчэ адна ніша, якую можна запоўніць. Праўда, гаворка ідзе не зусім пра традыцыйныя аптэкі.
— Яны знайшлі дастаткова маржынальную нішу. Але гэта не аптэка ў класічным яе разуменні. Там прадаюцца БАДы, зубныя пасты, вітаміны, маскі для твару. Гэтыя тавары не патрабуюць заканадаўчага рэгулявання, на іх не ўсталяваны гранічныя цэны.
Дзяржава і рэгулюе, і займае львіную долю рынку
Адкрыць паўнавартасную прыватную аптэку ў Беларусі складана.
— У нас ёсць дзяржаўны непаваротлівы монстр — "Белфармацыя", які, з аднаго боку, рэгулюе гэты рынак, з другога боку, сам на ім актыўна гуляе. Калі ішла размова з дзяржорганамі, каб хоць бы абязбольвальныя, якія без рэцэпта можна купіць, пачаць прадаваць у супермаркетах, то Мінздароўя і "Белфармацыя" зрабілі ўсё, каб зарубіць праект.
— Яны выбралі нішу, на якой шмат грошай з адзінкі прадукцыі не заробіш. Затое за кошт аб'ёму можна нядрэнна нарасціць абсалютны прыбытак. За кошт правільнай працы з рытэйлам і за кошт таго, што адкрылі сваю вытворчасць, замясцілі шмат прадукцыі, а не возяць танныя шампуні з Расіі ці Украіны, як іншыя рытэйлеры, яны змаглі нарасціць абароты. І паспяхова канкуруюць у нізкім цэнавым сегменце, — працягвае Валянцін Сакалоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.